Мінск 13:45

Пытанне транзіту беларускага калію праз Літву адпадзе пасля хуткага падаўжэння санкцый ЕС — Будрыс

Калійныя ўгнаенні
Ілюстрацыйнае фота: clearerimages.com

20 лютага, Позірк. На наступным тыдні Савет ЕС па агульных справах “з верагоднасцю 95%” падоўжыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на год і “ў тым жа аб’ёме, у якім яны дзейнічаюць цяпер”, такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю LRT міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

Калі гэта адбудзецца, мяркуе ён, пытанне пра магчымасць аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Літву будзе знятае з парадку дня.

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі таксама спадзяецца, што 23 лютага Савет ЕС па замежных справах ухваліць 20-ы пакет санкцый у дачыненні да Расіі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны, у якім “некаторыя захады ў дачыненні да Беларусі нават будуць пашыраныя”.

“Такім чынам, на наступным тыдні тэма санкцый будзе закрытая, адсоўваем яе ў бок, — сказаў Будрыс. — Засяродзімся на тым, што беларускі бок паабяцаў Злучаным Штатам Амерыкі — вырашыць праблему з [паветранымі] шарамі [з кантрабандай з Беларусі]. Паглядзім, як надалей будзе развівацца сітуацыя, Еўрапейская затрыманыя. Мы маем не адно пытанне, над якім мы працуем”.

У інтэрв’ю Будрыс таксама запэўніў — пераезд дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з Вільнюса ў Варшаву “не азначае, што Літва адступіла ад беларускага пытання як такога, і гэта вельмі дрэнная навіна, калі нехта здолеў так гэта прачытаць”.

“Абавязацельствы Літвы застаюцца такімі ж, як і раней. Варта памятаць, што не з 2020 года Літва падтрымлівае беларускія апазіцыйныя сілы — гэта гісторыя дзесяцігоддзяў, бо наш нацыянальны інтарэс бяспекі заключаецца ў тым, каб мець як мага больш дэмакратыі ў суседняй дзяржаве. Дэмакратыі проста больш мірна суіснуюць, таму мы хочам, каб там было стабільна і мірна. І мы будзем працягваць гэта рабіць”, — падкрэсліў кіраўнік МЗС Літвы.

11 лютага Будрыс заявіў, што пазіцыя Літвы адносна прычын увядзення санкцый супраць Беларусі не змянілася, таму ён не бачыць падстаў для іх скасавання.

“Санкцыі былі ўведзеныя праз парушэнні правоў чалавека, за садзейнічанне агрэсіі супраць Украіны, за дапамогу Расіі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў, у тым ліку ў выкраданні і ідэалагічнай апрацоўцы дзяцей. Пакуль гэта не зменіцца, няма падстаў казаць пра змяненне санкцый або іх змякчэнне. Наадварот, Літва пашырыла санкцыйны рэжым у дачыненні да Беларусі”.

Выданне Lrytas тады нагадала, што ў сярэдзіне снежня 2025 года спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл дамовіўся ў Мінску з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі “пра вызваленне часткі палітвязняў і скасаванне санкцый у дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў”. Тады, адзначалася ў матэрыяле, палітычныя аглядальнікі пачалі разважаць пра тое, што Вашынгтон можа паспрабаваць учыніць ціск на ЕС і Літву, каб аднавіўся транзіт гэтых угнаенняў праз Клайпедскі порт.

Выданне нагадала, што прадукцыя прадпрыемства “Беларуськалій” транспартавалася праз порт Клайпеды да лютага 2022 года, пакуль Літва, спасылаючыся на санкцыі ЗША ды іншыя меркаванні нацыянальнай бяспекі, не спыніла транзіт. ЕС увёў санкцыі супраць беларускага калію ў сакавіку таго ж года (штогод падаўжаюцца; у цяперашнім выглядзе дзейнічаюць да 28 лютага).

У снежні 2024 года “Беларуськалій” падаў іск у арбітраж і патрабуе ад Літвы кампенсацыі ў памеры 12,09 млрд долараў ЗША.

13 снежня 2025 года пасля перагавораў Коўла і Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Амерыканскі дыпламат заявіў, што ЗША на ўказанне прэзідэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

15 снежня Упраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій” і ААТ “Беларуская калійная кампанія” (БКК).

16 снежня галоўны дарадца прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс заявіў, што транзіт беларускага калію па тэрыторыі Літвы можа быць увязаны з размяшчэннем у краіне дадатковага вайсковага кантынгенту ЗША.

Паводле яго слоў, якія прыводзіла літоўская тэлерадыёкампанія, амерыканскі бок паводзіць сябе карэктна: “Яны сапраўды не чыняць на нас ціск з патрабаваннем рабіць дадатковыя крокі”.

Пасля гэтага літоўскія афіцыйныя асобы, у тым ліку Наўседа, неаднаразова абвяргалі інфармацыю пра тое, што ЗША пасля зняцця сваіх санкцый з беларускіх калійных угнаенняў ціснуць на Літву, каб змусіць яе дазволіць транзіт гэтай прадукцыі з наступнай адгрузкай у порце Клайпеды.

19 лютага Наўседа заявіў, што Еўрасаюз мае намер падоўжыць індывідуальныя і сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на адзін год.

Падзяліцца: