Мінск 19:19

Экс-міністру сельскай гаспадаркі ставіцца ў віну хабар 1,5 млн долараў

Ілюстрацыя: Bermix Studio / unsplash.com

19 лютага, Позірк. Экс-міністру сельскай гаспадаркі, які затрыманы па справе холдынга “Бабушкина крынка“, ставіцца ў віну хабар у памеры 1,5 млн долараў, паведаміў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук на прэс-канферэнцыі 19 лютага.

Стук не назваў прозвішча фігуранта, аднак гаворка ідзе пра Ігара Брыло, які ўзначальваў ведамства менш за паўтара года, з 10 лютага 2022 года да 28 ліпеня 2023-га.

Таксама цяпер расследуецца справа аб карупцыі, памер хабару па якім складае 600 тыс. долараў, адзначыў Стук.

У 2025 годзе колькасць карупцыйных злачынстваў знізілася на 16%, паведаміў намеснік генпракурора. Летась выяўлена 843 карупцыйныя злачынствы, з іх найбольшую долю займаюць атрыманне хабараў (384), крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (245) і перавышэнне ўлады (105).

“Устаноўлена 776 асоб, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы. Найбольш схільныя карупцыі ў сферы прамысловасці (165 фактаў), сельскай гаспадаркі (178), будаўніцтва (78) і транспарту (93)“, — сказаў Стук.

У лістападзе 2023 года стала вядома, што 51-гадовы экс-міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло затрыманы паводле так званай “малочнай справы“, звязанай з карупцыяй і махінацыямі пры продажы малака ў Расію.

“Справа малочнікаў” абмяркоўвалася 14 лістапада 2023 года на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях пасажырскіх перавозак. Ён згадаў магілёўскі холдынг “Бабушкина крынка“, дзе прызначаны ў 2019 годзе дырэктар Генадзь Скітаў нібыта сфармаваў каманду з ліку набліжаных знаёмых і сваякоў і пачаў новую збытавую палітыку.

Схема, на думку Лукашэнкі, не магла існаваць без службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў, у тым ліку членаў урада.

Да прызначэння кіраўніком Мінсельгасхарча працаваў намеснікам і першым намеснікам міністра. Пасля быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Віцебскай вобласці. Ад гэтай пасады Брыло быў вызвалены 27 лістапада 2023 года “ў сувязі са здзяйсненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай грамадзянскай службе“.

14 лістапада 2023 года намеснік начальніка следчага ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Канстанцін Бычак (цяпер старшыня Следчага камітэта), заявіў, што фігурантамі малочнай справы сталі 26 чалавек, з іх 15 утрымліваюцца пад вартай.

Блогер і былы палітвязень Ігар Лосік распавёў у сваім тэлеграм-канале, што Брыло моцна схуднеў за час знаходжання ў СІЗА КДБ.

“Прычым яму быў створаны адмысловы рэжым, у яго больш за год не было нават нары, ён спаў на падлозе на дошках, якія яму выдалі. У камеры без прыбіральні. І гэта нягледзячы на тое, што падчас следства яму выдалі тэлефон і ён “укінуў” па хабарах больш за 50 чалавек. Але назваў такія прозвішчы высокіх чыноўнікаў, якія, мабыць, нельга было называць, што за гэта і пацярпеў“, — напісаў Лосік.

Падзяліцца: