Мінск 16:46

Лукашэнка хоча пабудаваць порт у Мазамбіку, каб зрабіць з суседняй Зімбабвэ “хаб для тавараў”

Ілюстрацыйнае фота: 4045 / freepik.com

19 лютага, Позірк. Сумесна займацца будаўніцтвам порта ў Мазамбіку прапанаваў 19 лютага ў Мінску Аляксандр Лукашэнка прадстаўніцы заходняга суседа гэтай афрыканскай краіны — старшыні Сената Зімбабвэ Мейбл Мемары Чынамоне.

Палітык, якога цытуе яго прэс-служба, падкрэсліў, што Беларусі “вельмі патрэбны пункт апоры на ўзбярэжжы Афрыканскага кантынента — на паўднёвым усходзе”.

“Калі б мы ажыццявілі разам з Мазамбікам і Зімбабвэ гэтую ідэю, а ў гэтым выпадку мы можам гэта зрабіць і аднавіць чыгуначныя зносіны праз вашага суседа (там невялікую адлегласць) у Зімбабвэ, то ваша краіна стала б добрым хабам на поўдні Афрыкі для тавараў, патрэбнай прадукцыі не толькі з Беларусі, але і для тавараў іншых дзяржаваў. Думаю, перш за ўсё Расіі”, — сказаў Лукашэнка.

“Над гэтай ідэяй нам трэба папрацаваць. Я прашу, вы нагадайце прэзідэнту [Зімбабвэ Эмерсану] Мнангагве пра нашу размову ў гэтым ключы. І мне вельмі важна пачуць вашае меркаванне і вашых калегаў наконт гэтага. Гэта вялікая перспектыва”, — дадаў ён.

Паводле слоў палітыка, у стасунках Беларусі з Зімбабвэ “практычна няма ніякіх праблем”. Ён лічыць, што трэба проста ісці ў адпаведнасці з “дарожнай картай, якая выпрацавана”, і рэалізоўваць “тыя мерапрыемствы, што вызначаныя гэтым планам”. Для супрацы, мяркуе спікер, важна, каб “парламентарыі, сенатары” — як у Зімбабвэ, так і ў Беларусі, — “ажыццяўлялі кантроль за рэалізацыяй дасягнутых пагадненняў”.

“Такім чынам, мы маем вялікі аб’ём працы, каб выйсці праз пару гадоў на тавараабарот звыш 100 мільёнаў долараў, як мы і дамаўляліся”, — сказаў Лукашэнка.

Беларускі палітык наведваў Зімбабвэ 30 студзеня — 1 лютага 2023 года. У красавіку таго ж года са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка зімбабвійскага прэзідэнта Аксілія Мнангагва.

У ліпені 2024 года яна зноў была ў Беларусі з візітам. На сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск Эмерсана Мнангагвы.

Такі візіт адбыўся ўвесну 2025 года. Па выніках перагавораў 14 траўня ў беларускай сталіцы Лукашэнка і Мнангагва падпісалі дарожную карту стратэгічнай двухбаковай супрацоўніцы і партнёрства на 2026–2030 гады.

Падзяліцца: