Мінабароны мае намер аднавіць “канструктыўнае ўзаемадзеянне па вайсковай лініі” з ЗША і Еўропай

19 лютага, Позірк. Аднаўленне “канструктыўнага ўзаемадзеяння па вайсковай лініі” з ЗША і краінамі Еўропы зараз ёсць адным з прыярытэтных кірункаў міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) Беларусі, заявіў на брыфінгу 19 лютага начальнік дэпартамента МВС — памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка.
Прадстаўнік Мінабароны таксама назваў у ліку прыярытэтаў падтрыманне стратэгічнага ўзроўню супрацы з Расіяй; “шматбаковую вайсковую супрацу” ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама двухбаковае ўзаемадзеянне з краінамі — удзельніцамі гэтых аб’яднанняў; развіццё стратэгічнага партнёрства з Кітаем; вайсковую супрацу з краінамі Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі (і Афрыкі ў цэлым), Паўднёвай і Паўднёваўсходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі.
Паводле слоў Равенкі, ва ўмовах “цяперашняй глабальнай і рэгіянальнай турбулентнасці будаўніцтва і развіццё ўзброеных сіл любой дзяржавы немагчыма разглядаць у адрыве ад вайсковай супрацы”.
“Змяненне характару ўзброенай барацьбы, узаемная залежнасць у вайсковых тэхналогіях аб’ектыўна фармуюць новае асяроддзе бяспекі, у якім большасць краін не здольная вырашаць задачы абароны, выкарыстоўваючы выключна ўласныя рэсурсы і магчымасці”, — заявіў ён.
Начальнік дэпартамента МВС сцвярджае, што еўрапейскі рэгіён “ператварыўся ў адзін з асноўных тэатраў стратэгічнага саперніцтва”. Еўропа, на думку спікера, “страціла статус тэрыторыі з нізкай верагоднасцю буйнамаштабнай вайны”, хоць “на яго фармаванне і падтрыманне сышлі дзесяцігоддзі”.
“Трансфармацыю з абарончага саюза ў інструмент ціску і запалохвання працягвае ажыццяўляць НАТО, — заявіў Равенка. — Пры гэтым і Еўрапейскі саюз усё больш актыўна выступае за ўмацаванне свайго статусу як ваенна-палітычнага фактару. Растуць вайсковыя бюджэты і выпуск прадукцыі вайсковага прызначэння. Фармуюцца стратэгічныя запасы”.
“У нашым рэгіёне зноў узрастае роля ядзернага стрымлівання, а таксама высокадакладнай няядзернай зброі сярэдняй далёкасці. <…> Усё гэта азначае пераход ад мірнага суіснавання да канцэпцыі працяглага супрацьстаяння”, — дадаў ён.
Беларусь, паводле слоў спікера, зацікаўленая “ў нармалізацыі сітуацыі ў сферы глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, у аднаўленні парадку, адзінага для ўсіх”, а таксама ў “стварэнні эфектыўных сістэм глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, якія дазвалялі б прадухіляць само ўзнікненне міждзяржаўных супярэчнасцяў”.
План развіцця Узброеных сіл Беларусі на 2021–2025 гады, адзначыў Равенка, прадугледжваў “прыярытэтнае развіццё сістэм кіравання, вывкдкі, радыёэлектроннай барацьбы, супрацьпаветранай абароны, вайсковых часцей і падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі”.
За мінулы навучальны год, паводле яго слоў, набыта і пастаўлена ў войскі больш за 75 тыс. адзінак розных узбраенняў, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, вайскова-тэхнічнай маёмасці шырокага спектра прызначэння.
Равенка нагадаў, што ў 2026 годзе на тэрыторыі Беларусі плануецца правесці шэраг штогадовых вучэнняў: камандна-штабныя вучэнні “Непарушнае брацтва — 2026” з міратворчымі сіламі АДКБ, спецыяльныя вучэнні АДКБ “Бар’ер — 2026” з сумесным фармаваннем радыяцыйнай, хімічнай, біялагічнай абароны і медыцынскага забеспячэння.
Акрамя таго, прадугледжаны ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вучэннях на тэрыторыі РФ, у прыватнасці, у камандна-штабных вучэннях “Узаемадзеянне — 2026” з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ; спецыяльных вучэннях “Пошук — 2026” з сіламі і сродкамі выведкі; спецвучэннях “Эшалон-2026” з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння АДКБ.
Расія, паводле слоў Равенкі, “заканамерна займае асаблівае месца ў міжнароднай вайсковай супрацы” Беларусі. На гэты кірунак, адзначыў ён, на працягу многіх гадоў прыпадае каля 40% агульнай колькасці мерапрыемстваў супрацы.

- Грамадства
- ГрамадстваШтогод наконт укусаў кляшча да медыкаў звяртаецца каля 30 тыс. чалавек (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаКошт шкоды ад лясных пажараў за пяць гадоў вырас у 102,7 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа студзень у Беларусі пабудавана на 37,5% менш кватэр, чым годам раней (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка


