Мінск 13:36

Накіраваная ў суд справа былога намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама

Ілюстрацыйнае фота: Аляксей Кісялеўскі / Следчы камітэт

19 лютага, Позірк. Крымінальная справа ў дачыненні да былога намесніка старшыні Гродзенскага райвыканкама накіраваная ў суд, вынікае з паведамлення абласной пракуратуры.

Фігуранту, імя якога не называецца, інкрымінаванае неаднаразовае атрыманне хабару (ч. 3 арт. 430 КК).

Паводле сцвярджэння ведамства, абвінавачаны як службовая асоба “атрымліваў матэрыяльныя каштоўнасці за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, і здзяйсненне ў інтарэсах хабарадаўцаў якіх-небудзь дзеянняў, якія ён павінен быў і мог здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў”.

Заяўлена, што са снежня 2023 года па ліпень 2025-га мужчына “на сістэматычнай аснове” атрымліваў у Гродне і Гродзенскім раёне “ад двух прадстаўнікоў камерцыйных структур грашовыя ўзнагароды і будаўнічыя матэрыялы”.

Як сцвярджае пракуратура, хабар яму давалі “за аказанне садзейнічання прадстаўнікам названых камерцыйных структур у забеспячэнні іх удзелу і перамогі ў працэдурах закупак па выбары падраднай і субпадраднай арганізацый, заключэнні і выкананні дагавораў будаўнічага падраду і субпадраду на выкананне рамонтна-будаўнічых і мантажных работ на аб’ектах, размешчаных на тэрыторыі раёна, своечасовае пералічэнне грашовых сродкаў у якасці наяўных авансаў і датэрміновую аплату выкананых работ”.

Фігурант справы застаецца пад вартай.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначанае 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.

Падзяліцца: