Мінск 01:05

У студзені 2026 года па эканамічным развіцці лідарам сярод рэгіёнаў была Брэсцкая вобласць, аўтсайдарам — Віцебская

Ілюстрацыя: freepik.com

18 лютага, Позірк. У студзені 2026 года Брэсцкая вобласць была лідарам, а Віцебская — аўтсайдарам па тэмпах сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод рэгіёнаў, сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) павялічыўся (тут і далей у гадавым вымярэнні) у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях — на 7,2% і 1,6% адпаведна; у Мінску — зменшыўся на 0,7%, Гомельскай — на 0,8%, Мінскай — на 2,8%, Магілёўскай — на 3,1%, Віцебскай — на 4,1%.

Сельгасвытворчасць вырасла ў Мінскай вобласці — на 5,9%, Брэсцкай — на 4,4%, Гомельскай — на 3,9%, Гродзенскай — на 1,9%, Магілёўскай — на 1,6%; у Віцебскай — знізілася на 1%.

Прамысловай прадукцыі выпушчана больш Гродзенскай і Брэсцкай абласцях — на 8,1% і 5,5% адпаведна; менш у Гомельскай на 1,3%, Мінскай — на 2,4%, Віцебскай — на 4,4%, Магілёўскай — на 5,4%, Мінску — на 2,8%.

Інвестыцыі ў асноўны капітал выраслі ў Мінску на 7,4%; знізіліся — у Віцебскай вобласці на 3,5%, Гродзенскай — на 4,9%, Брэсцкай — на 14,2%, Гомельскай — на 20,8%, Мінскай — на 22,1%, Магілёўскай — на 24,4%.

Агульнай плошчы жылля ўведзена больш у Мінску і Магілёўскай вобласці — адпаведна на 118,4% і 107,1%; менш у Брэсцкай — на 26,7%, Гомельскай — на 29,3%, Віцебскай — на 63,7%, Мінскай — на 70,4%, Гродзенскай — на 70,9%.

Рознічны тавараабарот вырас у Гродзенскай вобласці на 3%, Мінскай — на 2,2%, Гомельскай — на 1,6%, Брэсцкай — на 1,5%, Віцебскай — на 1,1%, Мінску — на 0,3%, Магілёўскай — на 0,1%.

Аптовы тавараабарот зменшыўся ў Мінску на 0,4%, Гомельскай вобласці — на 11,2%, Мінскай — на 12,3%, Брэсцкай — на 13,6%, Гродзенскай — на 20,4%, Магілёўскай — на 32,5%, Віцебскай — на 34,5%.

Яшчэ два паказчыкі прадстаўлены за студзень — снежань 2025 года.

Рэальная заработная плата стала больш у Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях — на 10,3%, Гродзенскай — на 9,7%, Віцебскай — на 9,3%, Гомельскай — на 8,6%, Мінску — на 6,9%.

Сальда знешняга гандлю таварамі ў Брэсцкай вобласці сфармавалася станоўчым у памеры 2 млрд 158,8 млн долараў, у Мінскай — 1 млрд 798,1 млн, Гродзенскай — 1 млрд 73,5 млн, Магілёўскай — 339,7 млн, Віцебскай — 605,8 млн; у Гомельскай і Мінску было адмоўным — 164,1 млн і 9 млрд 700,7 млн долараў адпаведна.

Віцебскай вобласці “патрэбны пакрокавы антыкрызісны план“ — “выразны, канкрэтны, выканальны”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 лютага ў Мінску на нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтага рэгіёна.

Нагадаўшы, што ў кастрычніку 2025 года адбылася “маштабная нарада па сацыяльна-эканамічным развіцці“ Віцебскай вобласці выступоўца канстатаваў, што сітуацыя ў гэтым рэгіёне “складваецца горш, чым у іншых“, але і “астатнім расслабляцца не варта“.

“Тое, што мы бачым у Віцебскай вобласці, характэрна для ўсіх абласцей. Я хачу, каб вы гэта пачулі і давялі да кожнага губернатара“, — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што на кастрычніцкай нарадзе было акрэсленае “кола праблем, якія не вырашаліся гадамі, пераходзілі “ў спадчыну“ ад аднаго старшыні аблвыканкама да іншага і ўрэшце ператварыліся ў сістэмныя“. Тады было вызначана, што “да Новага года кіраўніцтва рэгіёну прыме аператыўныя меры па навядзенні парадку”.

Цяперашняя нарада, з ягоных слоў, з’яўляецца “першай кантрольнай кропкай“ пасля прызначэння Аляксандра Рагожніка старшынём Віцебскага аблвыканкама, каб “ацаніць рэальную сітуацыю і зразумець, ці ёсць станоўчыя зрухі“.

“Губернатар павінен пачынаць з болевых кропак і прыняцця рашэнняў. Трэба прымаць рашэнні. Калі памыліцеся, паправім”, — сказаў палітык.

На нарадзе 24 кастрычніка 2025 года Лукашэнка заявіў, што сітуацыя ў Віцебскай вобласці “сумная — яна горшая, чым дзе-небудзь“.

“Мы не можам спакойна глядзець на рост негатыўных тэндэнцый. Я зраблю ўсё, каб прымусіць вас працаваць, адгаворкі не прымаюцца”, — заявіў ён. Менш чым праз тры месяцы Лукашэнка змяніў кіраўніка вобласці.

Падзяліцца: