Латушка: Санкцыі Украіны асабіста супраць Лукашэнкі — важны палітычны сігнал рэжыму

18 лютага, Позірк. Санкцыі Украіны асабіста супраць Лукашэнкі — важны палітычны сігнал рэжыму, а таксама знак падтрымкі дзейнасці дэмакратычных сіл па дасягненні дэмакратычных змен у Беларусі, адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.
“Украіна ў чарговы раз пацвярджае, што гэты чалавек не з’яўляецца законным і легітымным прэзідэнтам Беларусі. Таксама ўкраінскі бок прызнае яго ролю ў злачынствах, учыненых ім асабіста і прадстаўнікамі яго рэжыму, у тым ліку ў злачынствах агрэсіі, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці”, — цытуе палітыка яго прэс-служба.
Таксама Латушка падкрэсліў, што Украіна афіцыйна пацвярджае датычнасць службовых асоб рэжыму Лукашэнкі і самога дыктатара да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. НАУ “раней ужо перадала дзве адпаведныя камунікацыі з вялікім аб’ёмам доказаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда”.
“Мы таксама сабралі і перадалі з дапамогай нашых літоўскіх партнёраў матэрыялы для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, а цяпер абагульняем адпаведныя матэрыялы, якія даказваюць удзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны для спецтрыбунала, які ствараецца”, — адзначыў Латушка.
Акрамя таго, адзначае палітык, украінскі бок указвае яшчэ на некалькі фактараў, якія абгрунтоўваюць санкцыі супраць дыктатара, сярод іх — удзел больш як 3 тыс. беларускіх прадпрыемстваў у кааперацыі з расійскім ваенна-прамысловым комплексам.
Асобна адзначаецца разгортванне ў другой палове 2025 года інфраструктуры для кіравання ўдарнымі беспілотнікамі, якая “выкарыстоўваецца для каардынацыі атак па тэрыторыі Украіны”. “Кіеў указвае і на пастаўкі праз Беларусь заходніх кампанентаў, іншага абсталявання, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах у абыход санкцыйных абмежаванняў”, — дадаў Латушка.
9 верасня 2024 года Латушка накіраваў зварот дарадцу — упаўнаважанаму прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславу Уласюку з прапановай падтрымаць гарманізацыю гандлёвых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі.
Уласюк, паводле Латушкі, публічна выказаўся за ідэю збліжэння санкцыйных падыходаў да двух рэжымаў. “Акрамя гэтага, у ліку прапанаваных намі ўкраінскаму боку мер можна назваць узмацненне транзітных абмежаванняў і пашырэнне гандлёвых санкцый”, — паведаміў палітык.
“Мы будзем ініцыяваць і ўносіць на разгляд украінскаму боку прапановы па ўвядзенні дадатковых санкцыйных абмежаванняў на рэжым Лукашэнкі, а таксама зацікаўлены ва ўзаемадзеянні для лабіравання адпаведных санкцыйных рашэнняў у межах ЕС”, — адзначыў Латушка.
Каментуючы размяшчэнне ў Беларусі расійскіх ракет сярэдняй далёкасці “Орешник”, ён заявіў, што дэмсілы, як і ўкраінскі бок, лічаць, што “такія дзеянні павышаюць пагрозы рэгіянальнай бяспецы і робяць з Беларусі мішэнь для магчымага адказнага ўдару”.
“Мы зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва з афіцыйным Кіевам у пытанні дасягнення адказнасці Лукашэнкі за ваеннае злачынства — незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей, у пытанні адказнасці Лукашэнкі за ўчыненне акту агрэсіі супраць Украіны, а таксама разлічваем на падтрымку нашых намаганняў па дасягненні адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў межах Міжнароднага крымінальнага суда, улічваючы, што Украіна ўжо з’яўляецца членам МКС”, — падсумаваў Латушка.
18 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб увядзенні санкцый у дачыненні да Лукашэнкі.
Зяленскі заявіў, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнкі “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, у другой палове 2025 года на тэрыторыі Беларусі расіяне разгарнулі сістэму рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці арміі РФ наносіць удары па паўночных абласцях Украіны — Кіеўскай, Валынскай і інш.
Зяленскі падкрэсліў, што Лукашэнка ўжо даволі даўно “абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады, дапамагае расіянам абыходзіць санкцыі за гэтую агрэсію, актыўна апраўдвае расійскую вайну, а цяпер яшчэ і павялічвае свой уласны ўдзел у маштабаванні і зацягванні вайны”.

- ЭканомікаУ студзені 2026 года ВРП у гадавым вымярэнні вырас толькі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцяхМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь дзесяць месяцаў запар не лідзіруе ў ЕАЭС ні па адным з сямі асноўных паказчыкаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка

