Мінск 19:59

Літва звярнулася ў ІКАО з нагоды масавага ўварвання з Беларусі паветраных шароў

Інга Ругінене
Фота: lrt.lt

18 лютага, Позірк. Літва афіцыйна звярнулася ў Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), прадставіўшы “сабраныя доказы парушэнняў паветранай прасторы, якія ажыццяўляюцца з тэрыторыі Беларусі”, заявіла прэс-канферэнцыі 18 лютага літоўскі прэм’ер-міністр Інга Ругінене.

“Гэта не адзінкавыя інцыдэнты — гаворка ідзе аб дзеяннях, якія паўтараюцца, уплываюць на нашу грамадзянскую авіяцыю і ствараюць рызыкі для міжнароднай авіяцыйнай бяспекі”, — перадае словы прэм’ера са спасылкай на агенцтва BNS партал vz.lt.

Паводле слоў Ругінене, Літва чакае ад арганізацыі “выразнай міжнароднай ацэнкі і прынцыповага адказу”.

У сваю чаргу міністр транспарту Юрас Тамінскас заявіў, што бачыць “прыкметы таго, што будзе прызнана: Беларусь ажыццяўляе гібрыдную атаку”.

“Гэта быў бы сур’ёзны палітычны ўдар па рэжыме, які спрабуе зноў вывесці сябе на міжнародную арэну, наладзіць супрацоўніцтва, прадставіць сябе адкрытым. Бо Мінск вельмі не хоча і пазбягае прызнання з боку ІКАО таго, што ён парушае міжнароднае права ў сферы грамадзянскай авіяцыі”, — сказаў Тамінскас.

“Таксама гэта з’яўляецца вялікім унёскам у тое, што калі ў будучыні будуць разглядацца дадатковыя санкцыі, то такі матэрыял і прызнанне ІКАО факту парушэння нормаў міжнароднага права ў сферы грамадзянскай авіяцыі спрыялі б таму, што рэжым у Мінску мог бы сутыкнуцца з істотнымі санкцыямі”, — дадаў ён.

Тамінскас паведаміў, што звярнуўся ў ІКАО ў кастрычніку мінулага года, аднак тады арганізацыя адзначыла, што пры разглядзе падобных інцыдэнтаў неабходна прадставіць канкрэтныя доказы.

Чыноўнік заявіў, што “пакуль складана сказаць”, колькі часу зойме ацэнка доказаў ІКАО. “Гэта будзе залежаць ад таго, як доўга працягнецца гібрыдная атака супраць Літвы — мы будзем дапаўняць гэтыя даныя. <…> Як паказвае практыка, працэс часцей за ўсё доўжыцца да года, паколькі ІКАО звернецца да Беларусі з просьбай прадставіць свае тлумачэнні — гэта ж юрыдычны механізм, які ні паскорыць, ні запаволіць нельга”, — сказаў Тамінскас.

Паводле звестак Міністэрства транспарту, з кастрычніка мінулага года паветраная прастора Літвы закрывалася ў сувязі з уварваннем метэазондаў з беларускай кантрабанднай прадукцыяй як мінімум 16 разоў. Праз гэта неаднаразова закрываліся аэрапорты ў Вільнюсе і Каўнасе, гэта закранула больш за 370 рэйсаў і каля 53.000 пасажыраў. Агульная шкода перавышае 2,3 млн еўра.

Апошняе закрыццё аэрапорта ў Вільнюсе адбылося ўвечары 17 лютага.

Дэлегацыя ІКАО наведвала Беларусь у пачатку гэтага месяца.

Падзяліцца: