Мінск 18:45

Ціханоўская на Жэнеўскім саміце заклікала ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

18 лютага, Позірк. Узмацніць санкцыі супраць тых, хто “катуе і кідае ў турмы беларусаў” заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас выступлення 18 лютага на сесіі “Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі” ў рамках Жэнеўскага саміту па правах чалавека і дэмакратыі.

Ціханоўская падкрэсліла, што лёсы Беларусі і Украіны пераплеценыя, і калі Беларусь стане свабоднай, Украіна будзе ў большай бяспецы. “Калі Украіна пераможа, у Беларусі з’явіцца шанец”, — дадала палітык.

Паводле яе слоў, дыктатары спадзяюцца, што “свабодны свет расколецца, стоміцца, забудзе, даруе”.

Ціханоўская заклікала партнёраў не нармалізоўваць рэжым: “Яны падманвалі вас апошнія 30 гадоў, ім нельга давяраць”. “Не мяняйце прынцыпы на зручнасць. Не забывайце імёны нашых зняволеных”, — дадала дэмлідар.

“Патрабуйце безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Узмацніце санкцыі супраць тых, хто катуе і кідае ў турмы. І прыцягніце рэжым да адказнасці. Беспакаранасць спараджае яшчэ большы гвалт. Маўчанне — гэта згода”, — падкрэсліла дэмлідар.

“Аднойчы, калі Беларусь будзе свабоднай, мы ўспомнім тых, хто быў з намі: не толькі ў самыя цёмныя гадзіны, але і да самага канца”, — дадала яна.

“Я заклікаю вас сёння: устаньце на бок тых, хто змагаецца за свабоду і справядлівасць. Не дайце дыктатарам перамагчы. Захоўвайце ціск. Падтрымлівайце грамадзянскую супольнасць. Падтрымлівайце праваабаронцаў. Падтрымлівайце незалежныя галасы. Таму што барацьба за свабоду — не лакальная. Яна глабальная. І пакуль дыктатары вучацца адзін у аднаго, мы таксама павінны вучыцца адзін у аднаго”, — адзначыла Ціханоўская.

Яна таксама заклікала “быць з Украінай”. “Украіна абараняе ўсіх нас — нашу свабоду, нашу дэмакратыю, нашу Еўропу”, — сказала палітык.

17–19 лютага Ціханоўская знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя). Саміт, у якім яна ўдзельнічае, з’яўляецца адным з вядучых міжнародных форумаў, прысвечаных актуальным крызісам у галіне правоў чалавека ва ўсім свеце.

Падзяліцца: