Мінск 17:05

Літва выдзеліла яшчэ 800 тыс. еўра на судовыя разбіральніцтвы з “Беларуськаліем” — СМІ

Фота: pixabay.com

18 лютага, Позірк. Урад Літвы 18 лютага выдзеліў яшчэ звыш 800 тыс. еўра на разбіральніцтвы ў міжнародных арбітражах з беларускім вытворцам калійных угнаенняў ААТ “Беларуськалій” і ўскосна кантраляванай літоўскім грамадзянінам Ігарам Удавіцкім швейцарскай кампаніяй “Hasenberg”, паведаміў сайт Kauno dienа са спасылкай на агенцтва ВNS.

Адзначаецца, што сродкі з урадавага рэзерву прызначаныя для пакрыцця выдаткаў на адвакатаў.

У прыватнасці, па просьбе Міністэрства транспарту адвакацкай канторы “Ellex Valiūnas ir partneriai” і яе партнёру — брытанскай юрыдычнай фірме “Allen Overy Shearman Sterling” — за паслугі, аказаныя ў ліпені — верасні 2025 года пры прадстаўленні інтарэсаў Літвы ў спрэчцы з “Hasenberg”, выдзелена 287,4 тыс. еўра, а той жа літоўскай кампаніі і яе партнёру — сусветна вядомай лонданскай фірме “Covington & Burling” — за прадстаўніцтва ў спрэчцы з “Беларуськаліем” — 537,8 тыс. еўра.

12 лістапада 2025 года ўрадам Літвы было выдзелена на аплату адвакатаў у рамках таго ж арбітражу 502,3 тыс. еўра.

Тады партал Delfi паведамляў, што ўлады балтыйскай дзяржавы ўжо выдаткавалі больш за 1 млн еўра на судовыя выдаткі ў рамках гэтай справы.

Беларуская кампанія сцвярджае ў арбітражы, што з 1 лютага 2022 года панесла значныя страты пасля таго, як Літва прыпыніла транзіт угнаенняў, які павінен быў доўжыцца да канца 2023 года.

Тады кантракт з “Беларуськаліем” скасавала дзяржаўная кампанія Lietuvos geležinkeliai (LTG, Літоўская чыгунка). Пазней, у кастрычніку 2023 года, Беларусь ініцыявала інвестыцыйны арбітраж, склад суда быў сфармаваны на пачатку 2024 года.

4 лютага тагачасны прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што пазоў “Беларуськалія“ на 12 млрд еўра з’яўляецца “мерай палітычнага ціску”.

“Я ніяк не ацэньваю абгрунтаванасць гэтых прэтэнзій, абгрунтаванасць гэтых прэтэнзій будзе ацэньваць арбітраж, — адзначаў кіраўнік урада. — Усё адно, 16 млрд еўра, 10 млрд або 12 млрд — гэта не мае ніякага значэння”.

Паводле слоў Палуцкаса, Вільнюс ніяк не будзе рэагаваць на пазоў. “Ёсць юрысты, якія робяць сваю працу, і яны яе зробяць. Мы лічым, што пазіцыя Літвы правільная”, — падкрэсліў чыноўнік.

У студзені стала вядома, што кампанія Hasenberg, якая належыць праз пасярэднікаў грамадзяніну Літвы Ігару Удавіцкаму, ініцыявала міжнародны арбітраж супраць літоўскай дзяржавы за спыненне транзіту беларускіх калійных угнаенняў.

Пазоўнік, як было заяўлена, хоча даказаць у арбітражы, што Літва, спыніўшы транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю, нанесла шкоду Hasenberg і яшчэ адной кампаніі Удавіцкага — Gargždų geležinkelis, што нібыта “спрыяла недахопе угнаенняў і харчавання ў Афрыцы і Лацінскай Амерыцы“.

Тады СМІ паведамілі, што Hasenberg мае намер спагнаць 15 млрд еўра. Апавяшчэнне пра арбітраж было атрымана ў кастрычніку 2024 года.

3 снежня 2024 года прэс-служба ААТ “Беларуськалій” паведаміла, што ў рамках Міжнароднага інвестыцыйнага арбітражу пададзена пазоўная заява ў сувязі з “незаконнымі дзеяннямі” Літвы. У выніку гэтых дзеянняў, як сцвярджаецца, “былі парушаныя правы” прадпрыемства як замежнага інвестара, абароненыя пагадненнем паміж урадамі Беларусі і Літвы аб заахвочванні і абароне інвестыцый.

Сейм Літвы дэнансаваў згаданае пагадненне 1 кастрычніка таго ж года, аднак палажэнні дакумента сапраўдныя на працягу года пасля афіцыйнага паведамлення Мінску з літоўскага боку аб прынятым рашэнні. Пра тое, калі менавіта было накіравана адпаведнае апавяшчэнне і ці накіравана наогул, не паведамлялася.

У верасні агульны суд Еўрапейскага саюза адхіліў пазоў “Беларуськалія” аб зняцці санкцый.

13 снежня 2025 года пасля перамоваў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Амерыканскі дыпламат заявіў, што ЗША па ўказанні прэзідэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

15 снежня ўпраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій” і ААТ “Беларуская калійная кампанія” (БКК).

З тых часоў афіцыйны Вільнюс неаднаразова зняпраўджваў інфармацыю аб магчымым зняцці забароны на транзіт беларускіх калійных угнаенняў па тэрыторыі Літвы.

Падзяліцца: