Кіраўнік МЗС Украіны: Мы верым у еўрапейскую будучыню беларускага народа пасля вызвалення ад рэжыму Лукашэнкі

18 лютага, Позірк. Уведзеныя Украінай санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго рэжыму з’яўляюцца “дарэчным, неабходным і адэкватным адказам на гібрыдныя пагрозы і пагрозы бяспекі”, якія ён прадстаўляе для Украіны і астатняй Еўропы, заявіў у сацсетцы Х міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Паводле яго слоў, рэжым Лукашэнкі з’яўляецца “саўдзельнікам злачынства агрэсіі Расіі супраць Украіны”.
“Ён прадаставіў сваю тэрыторыю для нападу і працягвае дапамагаць Маскве ў яе генацыднай вайне супраць Украіны — рэсурсамі, кампанентамі, матэрыяламі, абыходам санкцый і нават сістэмай рэтрансляцыйных станцый для кіравання ўдарнымі беспілотнікамі”, — адзначыў украінскі міністр.
Кіраўнік МЗС заклікаў краіны-партнёры ўзяць прыклад з Украіны і зрабіць так, каб Лукашэнка “зазнаў адэкватны ціск за свае злачынствы, учыненыя сумесна з Пуціным, за прыгнёт беларускага народа і за пазбаўленне пакаленняў беларусаў магчымасцяў і будучыні”.
“Мы верым у еўрапейскую будучыню беларускага народа пасля вызвалення ад рэпрэсіўнага кіравання Лукашэнкі. У будучыні мы будзем гатовыя прыняць дэмакратычную Беларусь у фармаце Люблінскага трыкутніка разам з Польшчай і Літвой”, — падкрэсліў Сібіга.
Беларусь належыць Еўропе, а не “рускаму свету”, дадаў ён.
18 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале паведаміў аб увядзенні санкцый у дачыненні да Лукашэнкі.
Зяленскі заявіў, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнкі “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, у другой палове 2025 года на тэрыторыі Беларусі расіяне разгарнулі сістэму рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці арміі РФ наносіць удары па паўночных абласцях Украіны — Кіеўскай, Валынскай і інш.
Зяленскі падкрэсліў, што Лукашэнка ўжо даволі даўно “абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады, дапамагае расіянам абыходзіць санкцыі за гэтую агрэсію, актыўна апраўдвае расійскую вайну, а цяпер яшчэ і павялічвае свой уласны ўдзел у маштабаванні і зацягванні вайны”.
“За гэта будуць асаблівыя наступствы”, — рэзюмаваў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Паводле ўказу Зяленскага, Лукашэнка пазбаўлены дзяржаўных узнагарод Украіны (ордэнаў князя Яраслава Мудрага, уручаных яму ў 1997 годзе і 2009 гадах 5 і 1 ступені адпаведна. — “Позірк”.), уведзеныя блакіроўка яго актываў і забарона на карыстанне і распараджэнне імі. Санкцыі таксама прадугледжваюць поўнае спыненне гандлёвых аперацый; абмежаванне або спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Украіны; прадухіленне вываду капіталаў з Украіны; прыпыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязацельстваў; ануляванне або прыпыненне ліцэнзій і іншых дазволаў; забарону на ўдзел у прыватызацыі і дзяржзакупках; забарону на заход ваенных караблёў і самалётаў; забарону на перадачу тэхналогій і правоў інтэлектуальнай уласнасці; спыненне культурнага, навуковага і спартыўнага супрацоўніцтва; забарону на ўезд ва Украіну; забарону на набыццё ва ўласнасць зямельных участкаў.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі прадаставіў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследвальнікі неаднаразова прадстаўлялі звесткі, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
25 студзеня гэтага года першыя поўнафарматныя двухбаковыя перамовы правялі Зяленскі і дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў Вільнюсе, дзе ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у памяць аб удзельніках паўстання 1863–64 гадоў супраць расійскага царызму. Па выніках сустрэчы быў анансаваны візіт Ціханоўскай у Кіеў.

- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь дзесяць месяцаў запар не лідзіруе ў ЕАЭС ні па адным з сямі асноўных паказчыкаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- ЭканомікаУ студзені ў Гродзенскай вобласці прадукты харчавання даражэлі ў 8 разоў хутчэй, чым у МінскуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства


