Мінск 15:51

У студзені ў Гродзенскай вобласці прадукты харчавання даражэлі ў 8 разоў хутчэй, чым у Мінску

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 18 лютага 2026 года ў 19:05

Ілюстрацыя: "Позірк"

18 лютага, Позірк. У Гродзенскай вобласці ў студзені 2026 года харчовыя тавары даражэлі ў 8 разоў хутчэй, чым у Мінску, сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Белстата.

У сталіцы кошт харчавання і безалкагольных напояў павялічыўся за месяц на 0,08%, у Гродзенскай вобласці — на 0,64%.

Марожаная рыба ў гэтым рэгіёне стала даражэй на 2,78%, у сталіцы — танней на 5,30%.

Цэны на шакалад у Гродзенскай вобласці павысіліся на 2,16%, у Мінску — знізіліся на 3,98%.

Грачаныя крупы сталі даражэйшымі ў рэгіёне на 1,74%, пярловыя — на 2,07%, алей — на 2,51%, гарчыца — на 3,56%, у сталіцы — таннейшымі адпаведна на 1,40%, 0,38%, 0,30% і 1,86%.

Бананы падаражэлі ў Гродзенскай вобласці на 0,41%, грушы — на 0,54%, у Мінску — патаннелі на 12,18% і 6,31% адпаведна.

Свежыя грыбы выраслі ў цане ў Гродзенскай вобласці на 8,23%, у Мінску — на 3,67%, вінаград — адпаведна на 7,61% і 1,02%.

Зафіксаваныя і адваротныя прыклады.

Салодкі перац у Мінску патаннеў на 3,41%, у Гродзенскай вобласці — на 10,31%.

Мюслі і іншыя сухія сняданкі ў сталіцы сталі даражэйшымі на 7,05%, вяршкі — на 3,37%, маянэз — на 1,51%, у рэгіёне — таннейшымі на 0,31%, 0,12% і 1,99% адпаведна.

У Мінску хутчэй раслі цэны на авакада (28,52% супраць 14,35%), тушаную кансерваваную свініну (3,55% супраць 0,17%), печыва (4,58% супраць 0,66%), бескасцёвую ялавічыну (2,23% супраць 0,05%), манныя крупы (2,11% супраць 0,21%) і шэраг іншых тавараў.

Сярод рэгіёнаў на другім месцы па росце цэн на прадукты харчавання і безалкагольныя напоі ў студзені Магілёўская вобласць (0,59%), далей — Брэсцкая (0,55%), Гомельская (0,50%), Віцебская (0,31%) і Мінская (0,22%).

Агулам па краіне рост цэн на гэтую групу тавараў у студзені склаў 0,36%, на ўсе тавары і паслугі — 0,46%.

Падзяліцца: