Сродкі на аднаўленне грамадскай дзейнасці Паўла Севярынца сабраныя менш чым за суткі

18 лютага, Позірк. Амаль 8 тыс. еўра пры запытаных 7 тыс. сабраныя фондам салідарнасці BySol на аднаўленне грамадскай дзейнасці, выданне кніг і запуск ютуб-канала былога палітвязня Паўла Севярынца.
Збор быў адкрыты ўвечары 17 лютага, такім чынам, запытаная сума сабраная менш чым за суткі.
Севярынец пры тлумачэнні прычыны збору адзначыў на сайце фонду, што пасля раптоўнага вызвалення і дэпартацыі ён прыняў рашэнне працягнуць сваю дзейнасць, якую вёў раней у Беларусі.
“Я планую стварыць і развіваць ютуб-канал, які будзе інфармаваць беларусаў пра падзеі ў Беларусі і свеце, выпускаць відэаролікі пра гісторыю і менталітэт беларусаў, а таксама арганізоўваць і падтрымліваць беларусаў за мяжой”, — паведаміў экс-палітвязень.
Паводле яго слоў, знаходзячыся ў турме, ён напісаў чарнавікі некалькіх кніг, якія перадаў праз сваякоў лістамі на волю. Іх Севярынец плануе дапрацаваць і “паступова публікаваць”.
Сродкі яму патрэбныя на абсталяванне, частковае пакрыццё выдаткаў на друк кнігі турэмных малюнкаў, вершаў і прыказак, арганізацыю прэзентацый кніг у Літве, Польшчы і Украіне ды інш.
Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года падчас кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Ён у гонцы не ўдзельнічаў, але выкарыстоўваў перадвыбарчы перыяд для размоў з людзьмі. У той дзень палітык правёў на плошчы каля сталічнага Камароўскага рынку “народны пікет свабоды і салідарнасці”.
25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Севярынца да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў “падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў”.
27 жніўня таго ж года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на прыгавор.
23 сакавіка 2022 года палітвязень быў унесены ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, 21 чэрвеня суд Шклоўскага раёна (Магілёўская вобласць) змяніў яму рэжым утрымання, пастанавіўшы накіраваць у турму на 3 гады.
20 чэрвеня 2024 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” тры літаратурныя творы Севярынца: зборнік эсэ “Каменнае сэрца”, анталогію “Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі” і раман “Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла”.
13 снежня 2025 года ў межах дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Севярынец і яшчэ 122 вязні былі вызвалены і вывезены з Беларусі. Палітыка спачатку перавезлі ва Украіну, адкуль ён транзітам праз Польшчу прыехаў у Літву.
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- ЭканомікаУ студзені ў Гродзенскай вобласці прадукты харчавання даражэлі ў 8 разоў хутчэй, чым у МінскуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



