Мінск 20:42

Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць у Маскве супрацоўніцтва ў галіне міжнароднага правасуддзя

17 лютага, Позірк. Пытанні “ўзаемнай падтрымкі і супрацоўніцтва ў галіне міжнароднага правасуддзя” будуць разгледжаныя на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы (СД) 26 лютага ў Маскве з удзелам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта вынікае з абнародаванага пастаянным камітэтам СД парадку дня пасяджэння.

Таксама на пасяджэнні плануецца абмеркаваць напрамкі рэалізацыі Дагавора пра стварэнне СД, пытанні прыгарадных пасажырскіх чыгуначных зносін паміж памежнымі тэрыторыямі, стварэнне Камітэта па стандартызацыі і якасці СД, прысуджэнне прэмій СД у галіне літаратуры і мастацтва за 2025–2026 гады.

Асобнымі пунктамі парадку дня з’яўляюцца абмеркаванне пытанняў да пасяджэнняў ВДС на 2026 год і выканання рашэнняў гэтага органа.

17 сакавіка 2023 года палата папярэдняй вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) выдала ордары на арышт дзвюх асоб у кантэксце сітуацыі ва Украіне: Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па справах дзіцяці пры прэзідэнце Расіі Марыі Львовай-Беловай.

У заяве МКС адзначалася, што Пуцін “меркавана нясе адказнасць за здзяйсненне ваеннага злачынства ў выглядзе незаконнай дэпартацыі насельніцтва (дзяцей) і незаконнай перадачы насельніцтва (дзяцей) з акупаваных раёнаў Украіны ў Расійскую Федэрацыю”.

30 верасня 2024 года ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, здзейсненых Лукашэнкам і яго паплечнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Рашэнне палаты папярэдняй вытворчасці па гэтым пытанні пакуль не абнародавана.

19 траўня 2025 года стала вядома, што Літва накіравала заяву ў Міжнародны суд ААН аб парушэнні Беларуссю сваіх абавязацельстваў у рамках Пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры ад 15 лістапада 2000 года, які дапаўняе Канвенцыю Арганізацыя Аб’яднаных Нацый супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.

Падзяліцца: