Мінск 20:40

Чацвёра мінчан прысуджаныя да пазбаўлення волі за супрацоўніцтва з BySol

Ілюстрацыйнае фота: "Настоящее время"

17 лютага, Позірк. Вярхоўны суд пакінуў у дзеянні рашэнне Мінскага гарадскога суда, які прыгаварыў чатырох жыхароў сталіцы да розных тэрмінаў пазбаўлення волі за супрацоўніцтва з фондам салідарнасці BySol, паведамляе Генеральная пракуратура.

На падставе ч. 3 арт. 3611 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса двое абвінавачаных прыгавораныя да двух гадоў зняволення, адзін — да трох.

Фігурантцы справы, прызнанай вінаватай паводле ч. 3 арт. 3611 і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК прызначана таксама тры гады пазбаўлення волі.

Кожны з чацвярых таксама аштрафаваны на 500 базавых велічынь (22.500 руб.).

Паведамляецца, што ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 461 КК ужыта спецыяльная канфіскацыя мабільных тэлефонаў і грашовых сродкаў абвінавачаных. Такім чынам з іх спагнана больш за 10 тыс. рублёў.

У рэлізе сцвярджаецца, што абвінавачаныя “не пазней за чэрвень 2024 года далучыліся да ўдзельнікаў арганізаванай групы BySol для выканання функцыі кур’ераў”.

Падкрэсліваецца, што “трое абвінавачаных прынялі гэтае рашэнне з карыслівай зацікаўленасці”.

“У задачы “кур’ераў” уваходзіла атрыманне і перадача грошай іншым удзельнікам фарміравання, іх размеркаванне на патрэбы ўдзельнікаў незаконнай пратэстнай і экстрэмісцкай дзейнасці. Адпаведныя ўказанні абвінавачаныя атрымлівалі ў перапісцы з прадстаўнікамі фарміравання, якія знаходзіліся за межамі Беларусі. У зносінах паміж сабой яны захоўвалі меры канспірацыі, якія заключаліся ў выкарыстанні кодаўных фраз, мінімізацыі візуальных стасункаў, выдаленні перапіскі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Ім інкрымінуецца атрыманне “злачыннага даходу ў агульнай суме 2 тыс. еўра і 1,1 тыс. долараў”.

У судзе двое абвінавачаных “у поўным аб’ёме” прызналі віну, астатнія настойвалі на сваёй недатычнасці “да дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання і неінфармаванасці пра супрацьпраўнасць дзеянняў, якія здзяйснялі”, гаворыцца ў паведамленні.

Фонд салідарнасці BySol заснаваны ў 2020 годзе на фоне палітычных падзей у Беларусі, якія пацягнулі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і масавую эміграцыю з краіны. Займаецца зборам сродкаў для падтрымкі ахвяр рэпрэсій, арганізацыяй эвакуацыі людзей з Беларусі і іншай дапамогай тым, хто зазнаў пераслед паводле палітычных матываў.

Паводле папярэдніх даных, за 2025 год BySol сабраў больш за 1,25 млн еўра ахвяраванняў для беларусаў, якія маюць патрэбу.

У 2025 годзе ўсяго было праведзена каля 250 персанальных збораў, у тым ліку 12 — для беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Пры гэтым, паводле даных фонду, і колькасць данатаў, і іх сярэдні памер павялічваюцца.

Падзяліцца: