Мінск 19:22

З канца лістапада ад галалёдных і халадовых траўмаў пацярпела больш за 16 тыс. чалавек — Мінздароўя

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

16 лютага, Позірк. З пачатку зімовага сезону (з 26 лістапада 2025 года) у Беларусі зарэгістравана 16.353 пацярпелых ад галалёдных і халадовых траўмаў, паведаміла 16 лютага прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Больш за ўсё людзей пацярпела ад падзенняў — 15.177 (з іх 3.045 — дзеці).

992 чалавекі (665 — дзеці) атрымалі траўмы пры катанні на цюбінгах, лядзянках, санках і г.д.

Толькі з-за галалёдных траўмаў па дапамогу да медработнікаў у мінулыя выхадныя звярнулася больш за 700 грамадзян.

У Брэсцкай вобласці за названы перыяд па меддапамогу звярнуўся 2.251 чалавек (халадовыя траўмы дыягнаставаныя ў 186, галалёдныя — у 2.065, шпіталізавана 374), Віцебскай — 1.892 (адпаведна 148, 1.744, 260), Гомельскай — 3.264 (231, 3.033, 381), Гродзенскай — 1.337 (148, 1.189, 322), Мінскай — 2.364 (244, 2.120, 371), Магілёўскай — 3.199 (178, 3.021, 478), Мінску — 2.046 (41, 2.005, 236).

У ведамстве заклікалі грамадзян да асцярожнасці і нагадалі, што “пасля непрацяглай адлігі зіма зноў уступіла ў свае правы”, у бліжэйшы час “на асобных участках дарог можа быць галалёдзіца, а пад снегам можа сустрэцца ледзяны насціл”. Мінздароўя таксама паведаміла, што галалёдныя і халадовыя траўмы ў гэтую зіму — “частая з’ява як у гарадской, так і сельскай мясцовасці краіны”.

Падзяліцца: