Мінск 20:11

Праз чатыры гады Лукашэнка вярнуўся да параўнання ўдзельнікаў савецкай інтэрвенцыі ў Афганістан з ветэранамі ВАВ

Адна з акцый з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Мінску
Архіўнае фота: "Мінск-Навіны"

15 лютага, Позірк. У штогадовым пасланні да ўдзельнікаў савецкай інтэрвенцыі ў Афганістан Аляксандр Лукашэнка вярнуўся да параўнання іх з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

15 лютага на дзяржаўным узроўні ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. 15 лютага 1989 года СССР завяршыў вывад сваіх войскаў з Афганістана, куды ўварваўся 24 снежня 1979 года, каб падтрымаць урад Бабрака Кармаля (адхілены ад улады ў 1986 годзе, памёр у Маскве ў 1996-м). Інтэрвенцыю асудзіў акадэмік Андрэй Сахараў, які пасля гэтага быў арыштаваны і сасланы ў Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад), дзе знаходзіўся да памілавання генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым у снежні 1986 года.

Афганская кампанія была непапулярнай у СССР, маці баяліся, што іх дзяцей адправяць для праходжання тэрміновай службы ў Афганістан. У гэты перыяд была адменена адтэрміноўка ад войска для студэнтаў дзённых аддзяленняў ВНУ. Страты савецкіх войскаў перавысілі 15 тыс. чалавек, у тым ліку каля 800 ураджэнцаў Беларусі (тады БССР).

У познім СССР савецкая інтэрвенцыя ў Афганістан была асуджаная на афіцыйным узроўні (Вярхоўным Саветам). Цяпер у Расіі і Беларусі ўдзел у гэтай кампаніі зноў гераізуецца. У Афганістане служыў адзіны пакінуты з Лукашэнкам член яго першай каманды Віктар Шэйман.

“Працягваючы баявыя традыцыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вы з’яўляецеся ўзорам для цяперашняга пакалення абаронцаў Айчыны, уносіце значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі“, — гаворыцца ў звароце Лукашэнкі. Паводле яго слоў, каля 30 тыс. ураджэнцаў беларускай зямлі, “паказваючы мужнасць і стойкасць, адстойвалі права афганскага народа на мірнае жыццё і развіццё”.

Падобная фраза ўтрымліваецца ў пасланні чатырохгадовай даўніны: “Менавіта вы працягваеце баявыя традыцыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вучыце наша падрастаючае пакаленне годна служыць Беларусі, выхоўваеце сапраўдных патрыётаў і абаронцаў Радзімы”.

“Вы з гонарам выканалі свой салдацкі абавязак, як нашы бацькі і дзяды — героі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння вы самі-ветэраны, надзейная апора дзяржавы і прыклад для моладзі ў служэнні радзіме. Ваша цвёрдая патрыятычная пазіцыя дапамагае захаваць мір і стабільнасць у краіне, цану якім вы ведаеце, як ніхто іншы“, — гаварылася ў звароце 15 лютага 2021 года, калі быў у асноўным падаўленыя пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020.

Падзяліцца: