Мінск 20:00

У рамках візіту ў Літву кіраўнік МЗС Партугаліі 16 лютага наведае мяжу з Беларуссю

Паулу Ранжэл
Архіўнае фота: прэс-служба МЗС Партугаліі

15 лютага, Позірк. У рамках візіту ў Літву 16 лютага міністр замежных спраў Партугаліі Паулу Ранжэл “азнаёміцца ​​з мерамі па барацьбе з выкарыстаннем міграцыі як інструмента ціску, наведае літоўска-беларускую мяжу”, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства балтыйскай дзяржавы.

На сустрэчы партугальскага чыноўніка і яго літоўскага калегі Кястуціса Будрыса ў Вільнюсе плануецца абмеркаваць “пытанні двухбаковага, трансатлантычнага і шматбаковага парадку дня”.

“Значная ўвага” на перамовах будзе нададзеная “гарантаванню бяспекі і стрымлівання ў прыгранічных дзяржавах НАТО, барацьбе з гібрыднымі пагрозамі”, а таксама “старшынству Літвы ў Савеце ЕС у першай палове наступнага года і падтрымцы Украіны”.

Адзначаецца, што Ранжэл таксама сустрэнецца са старшынёй Камітэта па замежных справах Сейма Літвы Рэмігіюсам Мотузасам, возьме ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных Дню аднаўлення Літоўскай дзяржавы, наведае Музей акупацый і барацьбы за свабоду.

Больш за год таму, у студзені 2025-га, Ранжэл сустракаўся з кіраўнікцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланай Ціханоўскай на палях Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. У гутарцы з ёй ён “пацвердзіў падтрымку барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі” з боку сваёй дзяржавы.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца у Еўрасаюз праз Беларусь, бо іх туды нібыта “паклікалі”.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам штодзённых даных памежных службаў суседніх еўрапейскіх краін, у 2025 годзе яны зафіксавалі 42.714 спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з тэрыторыі Беларусі (у тым ліку Літва — 1.651). Ад пачатку 2026-га на ўсіх участках — толькі 30 (на літоўскім у прыватнасці — 15), што можа тлумачыцца вельмі халоднай у параўнанні з папярэднімі гадамі зімой ва Усходняй Еўропе.

Падзяліцца: