Мінск 12:21

Новы кіраўнік МЗС Чэхіі запэўніў Ціханоўскую, што эканомія бюджэту міністэрства не закране падтрымку беларускай апазіцыі

Петр Мацінка і Святлана Ціханоўская на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы
Фота: МЗС Чэхіі

15 лютага, Позірк. Эканомія бюджэту Міністэрства замежных спраў Чэхіі ніякім чынам не закране падтрымку беларускай апазіцыі, заявіў новы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Петр Мацінка на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Мюнхене, дзе праходзіць міжнародная канферэнцыя па бяспецы (13-15 лютага).

Мацінка пацвердзіў “гатоўнасць да далейшага развіцця супрацоўніцтва”, адзначаецца ў паведамленні МЗС Чэхіі.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага дэмакратычнага лідара, бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, працэс вызвалення палітвязняў, падтрымку беларускай дыяспары, дзейнасць Місіі дэмакратычных сіл у Празе. Адзначана неабходнасць працягу намаганняў па спыненні рэпрэсій у Беларусі, пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне.

Ціханоўская папрасіла разгледзець магчымасць павялічыць колькасць віз, якія выдаюцца беларускім грамадзянам.

Яна запрасіла суразмоўцу наведаць офіс місіі, а той у сваю чаргу запрасіў яе ў Прагу.

Мацінка — лідар партыі “Аўтамабілісты для сябе”, якая па выніках выбараў у кастрычніку 2025 года ўпершыню прайшла ў чэшскі парламент, а затым стала ўдзельнікам кіруючай кааліцыі.

У перадвыбарчай праграме “аўтамабілістаў”, якую раней прааналізаваў “Позірк”, гаварылася, што вышэйшай мэтай партыі з’яўляюцца асабістая свабода і грамадства, у якім выконваюцца фундаментальныя грамадзянскія правы. “Супрацоўніцтва з рэжымамі, якія гэтыя правы парушаюць, для нас непрымальнае. Мы выключаем любы дыялог з прадстаўнікамі таталітарных краін, такіх як КНДР або Беларусь“, — падкрэслівалася ў дакуменце.

Далей адзначалася, што партыя выступае за неўмяшанне, аднак “беларуская апазіцыя, якая даўно пераследуецца, заслугоўвае падтрымкі і фармалізаваных кантактаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі Чэшскай Рэспублікі на высокім дыпламатычным і канстытуцыйным узроўні“.

Па выніках восеньскіх парламенцкіх выбараў да ўлады ў Чэхіі прыйшла кааліцыя еўраскептыкаў, якая выступае таксама за памяншэнне дапамогі Украіне. Чэхія, нягледзячы на змену ўлады, не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Цяперашні прэм’ер-міністр мільярдэр Андрэй Бабіш, які заняў гэтую пасаду другі раз, у 2020 годзе рэзка раскрытыкаваў падаўленне акцый пратэсту ў Беларусі і выказаўся за ўвядзенне санкцый супраць беларускага рэжыму.

Ціханоўская і Бабіш сустракаліся двойчы: у чэрвені 2021 года ў Празе і ў студзені 2026 года ў Давосе на Сусветным эканамічным форуме.

Падзяліцца: