Мінск 22:07

Ціханоўская абмеркавала з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека працэс вызвалення палітвязняў

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

14 лютага, Позірк. Працэс вызвалення палітвязняў абмеркавала з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Сустрэча адбылася 14 лютага ў Мюнхене, дзе зараз праходзіць канферэнцыя па бяспецы, вынікае з паведамлення прэс-службы палітыка.

Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі “гуманітарны трэк ЗША”, “стан вызваленых пасля турмаў і патрэбы рэпрэсаваных”.

“Гуманітарныя намаганні Злучаных Штатаў неабходна падтрымліваць і працягваць, але пры гэтым важна дамагацца сістэмнай змены палітыкі рэжыму [Аляксандра Лукашэнкі]”, — заявіла Ціханоўская.

Палітык звярнула ўвагу суразмоўцы на “прымусовую дэпартацыю, якую часта зазнаюць вызваленыя з турмаў”. Многіх з іх “пазбаўляюць дакументаў і магчымасці вярнуцца дадому”, падкрэсліла яна.

Вызваленыя, адзначыла палітык, таксама “сутыкаюцца з пагрозай паўторнага пераследу”. Паводле слоў дэмлідара, міжнародная супольнасць мае дамагацца “не толькі вызвалення людзей, але і поўнага спынення рэпрэсій”.

Паведамляецца, што бакі таксама абмеркавалі “камунікацыю ААН з Мінскам па пытанні вызвалення палітвязняў” і магчымы візіт Цюрка ў Беларусь.

16 лютага 2025 года — таксама на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы — Ціханоўская і Цюрк ужо абмяркоўвалі сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі.

Праз дзесяць дзён пасля таго, 26 лютага, з Цюркам сустрэўся міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў — у Жэневе (Швейцарыя). Беларускі чыноўнік запрасіў вярхоўнага камісара ААН наведаць Беларусь, каб “асабіста азнаёміцца ​​з рэальнай сітуацый з правамі чалавека ў краіне”.

На чарговай сустрэчы з Цюркам — на палях канферэнцыі Helsinki+50 у Фінляндыі (форум і спадарожныя мерапрыемствы прайшлі 31 ліпеня — 1 жніўня 2025 года) — Ціханоўская адзначыла, што мэтай візіту прадстаўніка ААН “мусіла б стаць вызваленне палітвязняў”.

Падзяліцца: