Мінск 20:10

Кіраўнік МЗС Літвы аптымістычны наконт таго, што санкцыі ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі будуць падоўжаныя

Святлана Ціханоўская і кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (14 лютага 2026 года)
Фота: прэс-служба Ціханоўскай

14 лютага, Позірк. Аптымізм наконт таго, што санкцыі ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі неўзабаве будуць падоўжаныя яшчэ на адзін год, выказаў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс 14 лютага на прысвечанай Беларусі панэлі ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

“І гэта правільнае рашэнне, бо перш за ўсё трэба памятаць прычыны, на падставе якіх яны былі ўведзеныя, — сказаў кіраўнік літоўскай дыпламатыі. — Гэта парушэнні правоў чалавека ў 2020 годзе; [сітуацыя, калі] у 2021-м быў захоплены самалёт і аднаго з прадстаўнікоў апазіцыі, які ляцеў у Вільнюс, знялі з рэйса (гаворка пра некалі апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, які цяпер з’яўляецца прапагандыстам на дзяржаўным тэлебачанні. — “Позірк”.); пасля садзейнічанне Расіі [у вайне супраць Украіны] у 2022-м. А цяпер мы прапануем дадаткова (і гэта ўзгоднена) пашырыць санкцыйны рэжым супраць Беларусі з улікам гібрыднай актыўнасці ў дачыненні да ЕС”.

“Мы маем дастаткова прычын захоўваць санкцыі. Я не магу ўявіць, як можна пераглядаць іх без таго, каб Лукашэнка фундаментальна змяніў свае паводзіны і быў прыцягнуты да адказнасці. Таму мой адказ — не. На наступным тыдні мы, скажам так, адкладзем гэтую дыскусію яшчэ на год, бо санкцыі проста будуць падоўжаныя”, — перакананы Будрыс.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што таксама “хутчэй аптымістычная” ў гэтым пытанні, бо не бачыць “ніякага імкнення Еўрасаюза змяніць сваю палітыку” ў гэтым плане.

“Зразумела, Літва займае вядучую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, і многія арыентуюцца на літоўскую пазіцыю, — канстатавала яна. — Я вельмі ўдзячная спадару Будрысу і прэзідэнту [Літвы Гітанасу] Наўседу за прынцыповую пазіцыю ў пытанні неабходнасці захоўваць жорсткі курс у дачыненні да Лукашэнкі. Вядома, мы бачым, як лабісты рэжыму ўзмацняюць спробы прасоўваць зняццё санкцый, вярнуцца да звыклага парадку рэчаў”.

Дэмлідар заявіла, што ганарыцца ЕС за тое, што яго палітыка “па-ранейшаму заснаваная на каштоўнасцях, падсправаздачнасці і вяршэнстве права”, тым, што Еўропа разумее важнасць Беларусі ў плане бяспекі.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: