Мінск 23:01

Мінфін намераны размясціць 17 лютага дзяржаўныя імянныя аблігацыі

13 лютага, Позірк. Пра намер размясціць 17 лютага дзяржаўныя імянныя аблігацыі ў гандлёвай сістэме Беларускай валютна-фондавой біржы 13 лютага паведаміла Міністэрства фінансаў.

Каштоўныя паперы 357-га выпуску (ідэнтыфікацыйны нумар MF-LB-USD-0357) будуць размешчаныя шляхам “адкрытага продажу ў гандлёвай сістэме на аўкцыёне працэнтных ставак”.

Намінальная вартасць адной аблігацыі — 1 тыс. долараў ЗША, дата пагашэння — 28 студзеня 2031 года.

Аб’ём выпуску — адкрыты (устанаўліваецца Мінфінам пасля правядзення аўкцыёну), від даходу, які выплачваецца па аблігацыях, — пастаянны працэнтны даход.

“Умовы выплаты працэнтнага даходу — стаўка працэнтнага даходу ўстанаўліваецца на ўвесь тэрмін абарачэння аблігацый падчас правядзення аўкцыёну”, — адзначыла ведамства.

Да моманту пагашэння запланаваны дзесяць дат выплат (два разы на год — у жніўні і лютым). Першая выплата — 17 жніўня.

“Датэрміновы выкуп аблігацый ажыццяўляецца з ініцыятывы ўладальнікаў пры прыняцці Міністэрствам фінансаў адпаведнага рашэння або з яго ініцыятывы са згоды ўладальнікаў на падставе рашэння пра папярэдні выкуп аблігацый”, — гаворыцца ў паведамленні.

У Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер (РЦДКП) на 1 ліпеня 2025 года захоўвалася акцый і аблігацый на 84,03 млрд рублёў (28,34 млрд долараў). Доля акцый складала 62,2%, карпаратыўных аблігацый — 27,5%, аблігацый муніцыпальных пазыкаў — 5,8%, біржавых аблігацый — 4%, дэпазітарных аблігацый — 0,5%. Такія даныя прывяла дырэктар дэпазітарыя Анега Набешка ў артыкуле ў навукова-практычным часопісе “Фінансы. Улік. Аўдыт” (заснавальнікі — Мінфін, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, “Белдзяржстрах”).

У абсалютным вымярэнні акцый захоўвалася на 52,3 млрд рублёў (3.413 эмітэнтаў, 3.471 выпуск), аблігацый усіх відаў — на 31,7 млрд (264 эмітэнта, 827 выпускаў).

Раней “Позірк” паведамляў, што патрабаванні Нацбанка да органаў дзяржаўнага кіравання выраслі за 2025 год на 26,4% (з 8 млрд 586,2 млн да 10 млрд 852,1 млн).

Даведка “Позірку”:

Патрабаванні Нацбанка да органаў дзяржкіравання — гэта актывы цэнтральнага банка, якія ўяўляюць сабой запазычанасць урада, міністэрстваў і мясцовых улад перад рэгулятарам. Яны ўключаюць крэдыты, набытыя дзяржаблігацыі і іншыя фінансавыя інструменты, што адлюстроўвае аб’ём прамога фінансавання або доўгу, які дзяржаўныя структуры павінны вярнуць.

Падзяліцца: