Мінск 18:30

Падчас прызыву 400 афіцэраў запасу “менш было ахвотных выслізнуць” — Хрэнін

Віктар Хрэнін
Архіўнае фота: Міністэрства абароны

13 лютага, Позірк. Зыходзячы з досведу і праблемных пытанняў, выяўленых падчас праверак 19-й і 11-й брыгад, было прынята рашэнне аб папераджальным прызыве афіцэраў запасу і правядзенні з імі заняткаў, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 13 лютага падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку на 227-м агульнавайсковым палігоне (Барысаўскі раён Мінскай вобласці).

Пра гэта паведамляе набліжаны да Лукашэнкі канал “Пул першага”.

Для навучання асабовага складу і выканання задач на мінулым тыдні быў ажыццёўлены папераджальны прызыў 400 афіцэраў запасу, паведаміў міністр. На пытанне Лукашэнкі, ці ўсіх афіцэраў прызвалі “або кагосьці не знайшлі”, Хрэнін адказаў, што прызвалі “ўсіх, усе 100%”.

“Менш было ахвотных выслізнуць, знайсці якую-небудзь прычыну ныцця, нават ніякіх зваротаў не было”, — далажыў Хрэнін. “То бок людзі сур’ёзна ставяцца да прызыву, так? Ну нарэшце зразумелі, што гэта вучоба, і мы не ведаем: а калі вайна, а мы нічога не ўмеем рабіць”, — адрэагаваў Лукашэнка.

Падчас дакладу міністра Лукашэнка двойчы ўдакладніў у Хрэніна і дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, ці гатова беларускае войска да вайны, на што абодва разы атрымаў станоўчы адказ.

4 лютага Міністэрства абароны паведамляла, што да праверкі баявой гатоўнасці былі падключаны афіцэры запасу.

Пра пачатак “планавай” комплекснай праверкі баявой гатоўнасці воінскіх частак і падраздзяленняў Хрэнін абвясціў 26 студзеня. Яна была абвешчана паралельна з раптоўнай праверкай баявой гатоўнасці войска, якая пачалася 16 студзеня паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі — у абыход Мінабароны.

2 лютага Мінабароны паведаміла, што ў межах “нарошчвання мерапрыемстваў комплекснай праверкі баявой гатоўнасці” Узброеных сіл прыведзена ў “гатоўнасць да выканання задач па прызначэнні” адна з воінскіх частак Заходняга аператыўнага камандавання. Якая гэта частка, не ўдакладнялася.

Падзяліцца: