Мінск 16:45

Тэрміновыя рублёвыя ўклады фізічных асоб за студзень выраслі на паўмільярда рублёў

Ілюстратыўнае фота: "Позірк"

13 лютага, Позірк. Тэрміновыя рублёвыя дэпазіты фізічных асоб у беларускіх банках на 1 лютага 2026 года склалі 15,7 млрд рублёў, паведамляе Нацыянальны банк.

За студзень яны павялічыліся на 504,7 млн рублёў (+3,3%).

Паводле даных рэгулятара, найбольш прыбытковымі ў мінулым месяцы былі ўклады з тэрмінам вяртання ад 2 да 3 гадоў (сярэдняя працэнтная стаўка — 14,25% гадавых).

У цэлым сярэдняя працэнтная стаўка па новых тэрміновых укладах насельніцтва ў беларускіх рублях склала 11,55% гадавых.

Сярэдняя працэнтная стаўка па новых рыначных крэдытах (за перыяд карыстання без умоў растэрміноўкі), выдадзеных банкамі ў нацвалюце ў студзені, склала: для юрыдычных асоб — 11,7%, фізічных асоб — 14,9%.

Сярэдняя працэнтная стаўка па новых рублёвых банкаўскіх укладах для фізічных асоб на тэрмін звыш года склала ў студзені 14%.

Раней “Позірк” паведамляў, што сярэднія стаўкі па крэдытах банкаў (тут і далей у нацыянальнай валюце, без уліку міжбанкаўскіх крэдытаў) за 2025 год выраслі на 0,61 працэнтнага пункта (з 10,36% у студзені да 10,97% у студзені — снежні).

Сярэдняя стаўка леась у студзені складала 10,36%, у лютым — 10,66%, сакавіку — 10,75%, красавіку — 10,79%, траўні — 10,88%, чэрвені — 10,96%, ліпені і жніўні — 11,15%, верасні — 11,13%, кастрычніку — 11,17%, лістападзе — 11,18%, снежні — 10,97%.

Падзяліцца: