Мінск 11:07

Ад пачатку лютага мытня Беларусі не дазволіла незаконна вывезці ў РФ 140 т груш

Ілюстрацыйнае фота: Lovelli Fuad / unsplash.com

13 лютага, Позірк. Сем фактаў незаконнага перамяшчэння ў Расію свежых груш выявілі ад пачатку лютага беларускія мытнікі, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Адзначаецца, што ўсе выпадкі адбыліся падчас спецыяльных мерапрыемстваў паблізу ад беларуска-расійскай мяжы. Спыненае транспартаванне агулам 140 тон груш коштам каля 960 тыс. рублёў (каля 33,5 тыс. долараў).

Тры аўтамабілі з гэтай садавінай спынілі віцебскія мытнікі. Адзін транспартны сродак належаў беларускаму перавозчыку, які не меў ніякіх суправаджальных дакументаў на тавар; два іншыя — расійскім, якія перадалі дакументы, што не адпавядалі фактычнай перавозцы.

Яшчэ адзін індывідуальны прадпрымальнік з Беларусі меў намер таемна вывезці грушы ў трох грузавіках. Мужчына не змог перадаць магілёўскім мытнікам аніводнага дакумента на груз.

Аналагічнае парушэнне зафіксавалі супрацоўнікі Гомельскай мытні ў Рэчыцкім раёне, дзе беларускі перавозчык зрабіў ужо трэцюю спробу незаконна вывезці грушы.

Па ўсіх фактах распачатыя адміністрацыйныя працэсы паводле арт. 13.12 КаАП (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспартавання, водпуску і рэалізацыі тавараў). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу — да 50% кошту прадмета правапарушэння.

Раней Рассельгаснагляд паведаміў пра знішчэнне ў перыяд з 21 студзеня па 3 лютага на палігоне ў Пскоўскай вобласці 79,6 т польскіх груш. На тэрыторыю краіны прадукцыя трапіла ў чатырох грузавіках з Беларусі — таксама ў абыход фітасанітарных пастоў і без неабходных дакументаў.

Яшчэ 40,8 тоны ўвезеных з тэрыторыі Беларусі груш было знішчана 4­–5 лютага.

4 лютага пра спыненне пастаўкі ў РФ буйных партый груш і корму для жывёл паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.

Падзяліцца: