Мінск 01:09

Беларускі мастак стварыў з манет партрэт зоркі грузінскага футбола Хвічы Кварацхеліі

Вадзіс Красоўскі на прадстаўленні сваёй працы
Відэазапіс: цікток-акаўнт Вадзіса Красоўскага / стоп-кадр: "Позірк"

12 лютага, Позірк. Беларускі мастак Вадзіс Красоўскі стварыў партрэт з манет найбольш паспяховага сучаснага грузінскага футбаліста Хвічы Кварацхеліі.

Карціна прымеркаваная да 25-годдзя нападніка нацыянальнай зборнай Грузіі і французскага клуба “Пары Сен-Жэрмен“, якое ён адзначае 12 лютага.

На партрэт Красоўскі выдаткаваў 3.525 манет-грузінскіх (мінімальным дзеючым наміналам 5 тэтры — як “знак падмурка, каранёў, паходжання”) і французскіх (5 і 10 сантымаў, якія выйшлі з абарачэння пасля ўвядзення еўра — як “шлях, адкрытасць свету, міжнароднае прызнанне”).

Паводле яго слоў, гэты твор не пра футбол, а пра “шлях, краіну, сына Грузіі, які ідзе наперад — і бярэ яе імя з сабой”.

Выкарыстаныя манеты ён назваў “не матэрыялам, а слядамі часу, чалавечых рук, дарог і выбараў”: “З іх склаўся вобраз чалавека, які вынес імя Грузіі на сусветны ўзровень — спакойна, без шуму, сваёй гульнёй”.

“Мая карціна велізарная, як гасціннае сэрца Сакартвела (саманазва Грузіі. — “Позірк”.). Яна задуманая як публічны жэст, як культурны сімвал”, — падкрэсліў Красоўскі, прадстаўляючы працу ў сваім цікток-акаўнце.

Пяціразовы найлепшы футбаліст Грузіі ў складзе “Напалі“ стаў двойчы чэмпіёнам Італіі, а ў форме “ПСЖ“ стаў чэмпіёнам, уладальнікам Кубка і Суперкубка Францыі, выйграў Лігу чэмпіёнаў, Суперкубак УЕФА і Міжкантынентальны кубак.

Вадис (Вадзім) Красоўскі нарадзіўся ў 1972 годзе ў Магілёве. Мастак, нумізмат, стваральнік тэхнікі Facemoney Illusion. З 2023 года жыве ў Батумі. Стварыў партрэт знакамітага грузінскага артыста Вахтанга Кікабідзэ, якога не паспеў застаць жывым, але з сям’ёй якога пазнаёміўся.

Падзяліцца: