Мінск 18:39

У 2025 годзе зменшылася колькасць асуджаных непаўналетніх, але не менш за 40 прыгаворана па “палітычных” справах

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

12 лютага, Позірк. У 2025 годзе за здзяйсненне розных злачынстваў асуджана 430 непаўналетніх — на 27,5% менш, чым у 2024-м (593), сведчаць даныя Вярхоўнага суда.

За здзяйсненне “злачынстваў супраць міру, бяспекі чалавецтва” асуджана пяць з іх, у тым ліку трое — паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), двое — паводле арт. 1301 (рэабілітацыя нацызму).

У “злачынствах супраць жыцця і здароўя” прызнана вінаватымі 20 непаўналетніх. Палова з іх — за наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147), шэсць — за наўмыснае нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 149), трое — за забойства (арт. 139), адзін — за прычыненне смерці з неасцярожнасці (арт. 144).

За “злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды” асуджана адзінаццаць падлеткаў, у тым ліку сем — за згвалтаванне (арт. 166), чатыры — за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару (арт. 167).

168 непаўналетніх асуджана за “злачынствы супраць уласнасці”, у тым ліку паводле арт. 205 аб крадзяжы — 86; арт. 214 пра ўгон транспартнага сродку або маламернага воднага судна — 30; арт. 209 пра махлярства — 21; арт. 212 пра крадзёж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі — 14; арт. 206 пра рабаванне — 8; арт. 208 пра вымагальніцтва і арт. 218 пра наўмыснае знішчэнне або пашкоджанні чужой маёмасці — па 4; арт. 210 пра крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі — 1.

Чацвёра падлеткаў асуджана за “злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці” (арт. 222 пра незаконны абарот сродкаў плацяжу і (або) інструментаў).

За здзяйсненне “злачынстваў супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва” асуджаны 81 непаўналетні. З іх 70 прызнана вінаватымі паводле арт. 327–332 за злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркотыкаў (на 12,5% менш, чым у 2024 годзе, калі такіх было 80); чацвёра — за акт тэрарызму (арт. 289); трое — за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (арт. 295); двое — за злачынствы супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту (арт. 317).

Па адным непаўналетнім асуджана за злачынствы, звязаныя з кіраваннем транспартным сродкам у стане ап’янення, перадачай кіравання асобе ў такім стане або адмовай ад праходжання агляду (арт. 3171), а таксама за парушэнне правіл, якія забяспечваюць бяспечную працу транспарту (арт. 321).

За здзяйсненне “злачынстваў супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці” асуджана 123 падлеткі. У больш выпадкаў гаворка пра хуліганства.

Адзін асуджаны за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343), 18 — за тыя ж дзеянні, але з выявай непаўналетняга (арт. 3431).

16 падлеткаў асуджана за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (арт. 342); 11 — за заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку (арт. 340); сем — за апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК).

За здзяйсненне “злачынстваў супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання” асуджана 17 непаўналетніх. З іх шэсць — за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 3614), чатыры — за абразу прэзідэнта (арт. 368), тры — за знявагу дзяржсімвалаў (арт. 370), па адным — за гвалт або пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364), гвалт або пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (арт. 366), удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу (арт. 3613), прымус да выканання абавязацельстваў (арт. 384).

З 430 асуджаных непаўналетніх пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пэўны тэрмін прызначанае 102 (23,7%), абмежавання волі — 140 асобам (32,6%). Адтэрміноўка выканання пакарання ўжытая да 43 асоб (10%), умоўнае непрымяненне пакарання — да 18 (4,2%); прымусовыя меры выхаваўчага характару — да 89 (20,7%). Вызвалена ад адбывання пакарання або асуджана без прызначэння пакарання 6 асоб (1,4%); іншыя меры ўжытыя да 32 (7,4%).

Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуў увагу, што не менш як 40 падлеткаў (9,3% агульнай колькасці) асуджана паводле артыкулаў палітычнага характару. Да такіх праваабаронцы адносяць згаданыя вышэй арт. 130, 289, 342, 3613, 3614, 366, 368, 370 ды інш.

Падзяліцца: