Мінск 17:03

Два чалавекі загінула ў аўтааварыі пад Брэстам — СК

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

12 лютага, Позірк. Пра гібель двух чалавек у дарожна-транспартным здарэнні пад Брэстам паведаміў 12 лютага Следчы камітэт.

Трагедыя адбылася ранкам 12 лютага на аўтадарозе Р-83 (Брэст — Камянец — Нацыянальны парк “Белавежская пушча”) паміж аграгарадком Чарнаўчыцы (Брэсцкі раён) і вёскай Турна Малая (Камянецкі раён). Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца “Рэно” выехаў на паласу сустрэчнага руху і дапусціў лабавое сутыкненне з аўтамабілем “Аўдзі”, які рухаўся ў бок Брэста.

У аварыі загінуў 42-гадовы кіроўца “Аўдзі”, а таксама 35-гадовая жанчына-пасажыр (не ўдакладняецца, у якім яна была аўтамабілі). Кіроўца “Рэно” дастаўлены ў бальніцу з цяжкімі траўмамі, яму аказваецца медыцынская дапамога.

Паведамляецца, што “на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група, у склад якой увайшлі дасведчаныя следчыя УСК па Брэсцкай вобласці”.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло з неасцярожнасці да смерці дзвюх і больш асоб).

Падзяліцца: