Мінск 15:45

Расія не дазволіла завезці з Беларусі чарговую партыю кармоў для жывёл

Фота: Рассельгаснагляд

12 лютага, Позірк. Чарговую партыю кармоў для сабак і катоў вярнулі ў Беларусь інспектары Паўночна-заходняга міжрэгіянальнага ўпраўлення Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

На ўчастку расійска-беларускай мяжы ў Пскоўскай вобласці службовыя асобы ведамства высветлілі, што дзве партыі кармоў перавозіліся без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць іх бяспеку і паходжанне.

“Перамяшчэнне 2 тон кармоў па мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза забароненае, аформленыя акты на вяртанне грузаў. Тавары вернутыя на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”, — паведаміла прэс-служба расійскага ведамства.

4 лютага Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведамляў, што супрацоўнікі магілёўскай мытні затрымалі грузавік, які перавозіў у РФ без дакументаў больш за 7,5 т корму для жывёл на суму звыш 107 тыс. рублёў.

Сёлета у студзені супрацоўнікі Рассельгаснагляду не прапусцілі ў Пскоўскую вобласць з Беларусі 4 тоны кармоў для хатніх жывёл, летась у траўні — 1,6 тоны.

Падзяліцца: