Мінск 20:01

За збыт наркотыкаў 15-гадовы падлетак асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі

Ілюстрацыя: МУС

11 лютага, Позірк. Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў 15-гадовага падлетка да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі. Юнак абвінавачваўся паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на прэс-службу пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Падчас судовага следства ўстаноўлена, што ў кастрычніку 2025 года навучэнец 1-га курса аднаго з каледжаў абласнога цэнтра ўступіў у якасці закладчыка ў склад арганізаванай групы, якая займалася незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Падлетак забраў са схованак і перавёз па месцы свайго жыхарства асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — 4-СМС агульнай масай 227,56 г.

У снежні 2025 года юнак быў затрыманы, пры ім выявілі частку забароненых рэчываў масай 216,8 г. Паводле звестак пракуратуры, ад супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачаны атрымаў 800 рублёў.

За апошнія 11 гадоў падлеткавая злачыннасць скарацілася ў 2,5 раза, паведаміла 6 лютага прэс-служба Генеральнай пракуратуры. У 2025 годзе падлеткі здзейснілі 1.060 злачынстваў супраць 2.654 у 2014-м.

Адзначаецца, што актуальнай застаецца праблема ўключэння непаўналетніх у “злачынствы з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій“, у тым ліку праз інтэрнет.

“У 2025 годзе такія злачынствы здзейсніў кожны дзявяты падлетак (вымагальніцтва, махлярства, загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы, крадзеж шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі), — гаварылася ў паведамленні. — У 2025 годзе кожнае другое дзіця прызнанае пацярпелым ад злачынстваў, учыненых у сетцы Інтэрнэт (распусныя дзеянні, вымагальніцтва, махлярства, крадзеж шляхам мадыфікацый кампутарнай інфармацыі, блакаванне такой інфармацыі)“.

Аб зніжэнні падлеткавай злачыннасці па выніках першай паловы 2025 года паведамілі на прэс-канферэнцыі 23 ліпеня 2025 года прадстаўнікі Генпракуратуры і Міністэрства ўнутраных спраў.

Старэйшы пракурор па асаблівых даручэннях упраўлення нагляднага органа Раман Сідарэнка заявіў, што колькасць падлеткаў, якія ўчынілі злачынствы ў першай палове 2025 года, у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года знізілася больш чым на 13%, колькасць учыненых імі злачынстваў — амаль на 10%.

Сідарэнка паведаміў, што колькасць учыненых непаўналетнімі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў знізілася са 125 да 98; групавых злачынстваў — са 160 да 120.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2024 годзе ў Беларусі было асуджана 593 непаўналетніх, у 2023-м — 692, 2022-м — 927.

За незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту ў 2024-м было асуджана 68 непаўналетніх (у 2023-м — 61). Колькасць непаўналетніх, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў без мэты збыту, зменшылася да 12 (у 2023-м — 13).

Падзяліцца: