Мінск 16:09

На сустрэчы ў рамках “Савета міру” Беларусь прадставіць Рыжанкоў, заяўляе прэс-сакратар Лукашэнкі

Кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў
Архіўнае відэа: медыяслужба ААН / стоп-кадр: "Позірк"

11 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка не зможа ўзяць удзел у сустрэчы лідараў у рамках “Савета міру”, які стварае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, бо “позна” атрымаў запрашэнне, паведаміла прэс-сакратар беларускага палітыка.

“Так, запрашэнне на першую сустрэчу лідараў у рамках “Савета міру” прэзідэнту Беларусі паступіла, — заявіла яна (на падставе паведамлення ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі). — На жаль, мы яго атрымалі позна, працоўны графік прэзідэнта на гэты перыяд ужо быў спланаваны. Так, мы з задавальненнем наведалі б Злучаныя Штаты Амерыкі, але маюцца пытанні, якія немагчыма адкласці”.

“Акрамя таго, мы бярэм да ўвагі і магчымыя лагістычныя цяжкасці, якія могуць узнікнуць праз незаконныя санкцыі, у першую чаргу Еўрасаюза — з улікам закрыцця паветранай прасторы над ЕС. У сувязі з гэтым і нягледзячы на ​​наша жаданне, прэзідэнт у гэтым мерапрыемстве ўзяць удзел не зможа”, — сказала Эйсмант.

У той жа час, падкрэсліла яна, беларускія ўлады цалкам падзяляюць “нацэленасць прэзідэнта ЗША і “Савета міру” на вырашэнне ўсіх сусветных канфліктаў мірным шляхам”.

Паводле слоў прэс-сакратара Лукашэнкі, прадстаўляць Мінск на сустрэчы ў Вашынгтоне будзе міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, які “цалкам пагружаны ў тэматыку ўдзелу Рэспублікі Беларусь у “Савеце міру” ды іншыя пытанні рэгіянальнай абстаноўкі і двухбаковых беларуска-амерыканскіх стаскнкаў”. Амерыканскі бок “ужо праінфармаваны пра гэтае рашэнне”.

15 студзеня Трамп абвясціў пра фармаванне “Савета міру”, які будзе кіраваць аднаўленнем сектара Газа. Стварэнне гэтай структуры ўваходзіць у мірны план амерыканскага лідара для Газы нараўне з размяшчэннем міжнародных сіл. Плануецца, што яго першае пасяджэнне адбудзецца ў Вашынгтоне 19 лютага.

Узначаліць орган сам прэзідэнт ЗША. Было заяўлена, што ў яго ўстаноўчы выканаўчы савет апрача самога Трампа ўвойдуць дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, спецпрадстаўнік ЗША па Блізкім Усходзе Стывен Уіткаф, зяць Трампа Джарэд Кушнер, былы прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр, намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы ЗША Роберт Гэбрыэл, кіраўнік Сусветнага банка Аджай Бангка і інвестар Марк Роўэн.

Паводле інфармацыі заходніх СМІ, ЗША запрасілі далучыцца да “Савета міру” больш за 50 дзяржаў.

Лукашэнка падпісаў дакумент аб далучэнні Беларусі да “Савета міру” 20 студзеня. У той жа дзень ён заявіў, што далучэнне Беларусі да “Савета міру” важнае з пункту гледжання магчымасцяў арганізацыі, якая ствараецца Дональдам Трампам.

“Мяне вабіць тое, што гэты “Савет міру”, яго дзеянні, магчымасці могуць распаўсюдзіцца на іншыя часткі планеты. Перш за ўсё, можа быць, і Украіне мы дапаможам, зможам наблізіць мір, зможам паўплываць на кіраўніцтва ўкраінскае. Вось гэта мяне больш за ўсё прываблівае, а не тое, што мы ўжо моцна дапаможам Газе. Я ведаю свае магчымасці і магчымасці Беларусі”, — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

Падзяліцца: