Мінск 20:46

На пажары ў сваёй кватэры загінуў беларускі мастак Уладзімір Акулаў

Фота: "Слуцкі край"

10 лютага, Позірк. На пажары ў сваёй кватэры ў Слуцку (Мінская вобласць) загінуў 71-гадовы беларускі мастак Уладзімір Акулаў.

НЗ адбылося рана раніцай 10 лютага. Пра яго паведаміла мясцовая газета “Слуцкі край”.

У 5:57 супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца выкліку, убачылі на падлозе ў пакоі мужчыну без прытомнасці. Яго вынеслі на вуліцу, дзе за жыццё змагалася брыгада хуткай дапамогі. У 6:38 медыкі канстатавалі смерць. Папярэдняя прычына пажару — неасцярожнасць пры курэнні.

Беларускі мастак, жывапісец і графік, прадстаўнік другой хвалі беларускага авангарда Акулаў нарадзіўся 23 красавіка 1954 года ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) у сям’і мастака-афарміцеля.

У дзяцінстве займаўся ў Слуцкай ізастудыі гарадскога дома піянераў і школьнікаў.

Яго творчае амплуа пачало фарміравацца падчас вучобы ў Віцебску на мастацка-графічным факультэце мясцовага педінстытута.

З’яўляецца аўтарам тэматычных цыклаў “Маскі і вобразы”, “Партрэты”, “Аўтапартрэты”, “Цэрквы і манастыры”, “Вайна”, “Генералы”, “Вялікія людзі”, “Эрас і Танатас”, “Нацюрморты”, “Кветкі”, “Самавары”, “Знакамітыя яўрэі”, “100 алігархаў Forbes”, “Анімалістычны цыкл”, “Месцы і людзі Беларусі”, “Футбалісты” ды інш.

Падзяліцца: