Мінск 19:58

Да 6 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны замежнік, які скраў у складзе групы інтэрнэт-махляроў больш за 86 тыс. рублёў

10 лютага, Позірк. Суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыгаварыў 25-гадовага замежнага грамадзяніна да пазбаўлення волі на 6 гадоў са штрафам у памеры 300 базавых велічынь (13,5 тыс. рублёў) паводле ч. 4 арт. 212 Крымінальнага кодэкса (выкраданне маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі), паведамляе Генеральная пракуратура.

Згодна з абвінавачаннем, у траўні і чэрвені 2025 года абвінавачаны “ў складзе арганізаванай групы прыняў непасрэдны ўдзел у завалоданні маёмасцю шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі 11 пацярпелых на агульную суму больш за 86 тыс. рублёў, што з’яўляецца асабліва буйным памерам”.

Адзначаецца, што замежнік прыбыў у Беларусь “выключна для ажыццяўлення супрацьпраўных дзеянняў”. У траўні 2025 года ён знайшоў падпрацоўку ў інтэрнэце, якая заключалася ў зняцці наяўных грашовых сродкаў з банкаматаў на тэрыторыі краіны з захаваннем мер канспірацыі.

Куратар прадстаўляў абвінавачанаму рэквізіты банкаўскіх карт, пін-коды, персанальныя даныя пацярпелых, а таксама звесткі пра суму, якую неабходна было зняць. Абвінавачаны з выкарыстаннем прыкладанняў Swoo Pay і BelPay бескантактава здымаў гатоўку з банкаўскіх карт пацярпелых і аддаваў кур’ерам.

Пацярпелым тэлефанавалі іншыя ўдзельнікі арганізаванай групы, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі праваахоўных органаў і паведамлялі пра неабходнасць папаўнення банкаўскіх рахункаў і афармлення крэдытаў.

Падчас судовага разбору абвінавачаны віну прызнаў у поўным аб’ёме і растлумачыў, што ўсведамляў незаконны характар сваіх дзеянняў, але працягваў выкрадаць грошы праз цяжкае становішча.

У 2025 годзе зарэгістравана 1.007 выпадкаў вымагальніцтва — на 42,8% больш, чым у 2024-м (705), і ў 2,2 раза больш, чым у 2023-м (468), вынікае з даных Генеральнай пракуратуры.

Наглядны орган падкрэсліў, што гаворка перш за ўсё пра кібервымагальніцтва.

Адзначаецца, што ў студзені 2026 года распачата больш за 50 крымінальных спраў аб вымагальніцтве грошай у карыстальнікаў прылад Apple.

“Падставы розныя, але схема адна — карыстальнікі выйшлі са свайго акаўнта ў прыладзе і аўтарызаваліся пад данымі, якія далі зламыснікі”, — патлумачыла Генпракуратура.

Раней Следчы камітэт паведамляў, што сярод найбольш распаўсюджаных відаў кібервымагальніцтва — пагроза распаўсюджвання асабістай інфармацыі, у прыватнасці, інтымная перапіска, фатаграфіі, відэазапісы.

15 кастрычніка 2025 года намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства цэнтральнага апарата СК Леанід Мельнік заявіў, штоагулам кіберзлачыннасць у краіне знізілася на 18%.

Падзяліцца: