Мінск 18:19

Беларусь працягвае зніжэнне ў “Індэксе ўспрымання карупцыі”

Ілюстрацыя: Bermix studio / unsplash.com

10 лютага, Позірк. У Беларусі пяты год запар пагаршаецца сітуацыя з карупцыяй, сведчыць “Індэкс успрымання карупцыі”, які штогод вылічвае міжнародная недзяржаўная арганізацыя Transparency International (штаб-кватэра ў Берліне).

Індэкс вызначаецца на падставе ўспрымання ўзроўню карупцыі экспертамі і прадстаўнікамі бізнесу 180 краін і тэрыторый. Дзяржавам прысвойваюць балы — ад 0 (сур’ёзная карупцыя) да 100 (поўная адсутнасць карупцыі).

Па выніках 2025 года Беларусь набрала 31 бал (у 2024-м — 33, у 2023-м — 37, у 2022-м — 39, у 2021-м — 41, у найлепшым для сябе 2020-м — 47) і падзяліла 124-е месца (годам раней 114-е) з Джыбуці, Манголіяй, Нігерам, Турцыяй і Узбекістанам.

Сярод суседзяў Беларусі найгоршы паказчык у Расіі (157-е месца і 22 балы). Украіна заняла 104-е месца (36 балаў), Польшча — 53-е (53), Латвія — 38-е (60), Літва — 26-е (65).

Першае месца ў індэксе чатыры гады запар займае Данія (89). У першую сямёрку па выніках 2025 года ўвайшлі Фінляндыя (88), Сінгапур (84), Новая Зеландыя і Нарвегія (па 81), Швецыя і Швейцарыя (па 80).

Замыкаюць рэйтынг Паўднёвы Судан (9), Самалі (9) і Венесуэла (10).

Паводле даных Вярхоўнага суда Беларусі, якія раней прыводзіў “Позірк”, у студзені — чэрвені 2025 года за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 304 чалавекі — на 7,3% менш, чым за той жа перыяд 2024-га (328). З іх 84 прыгавораныя да пазбаўлення волі.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

Падзяліцца: