Мінск 13:08

У Брэсцкай вобласці пройдзе трэцяя ад пачатку года праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

10 лютага, Позірк. Планавая тэхнічная праверка сістэмы апавяшчэння насельніцтва пройдзе 10 лютага ў Брэсцкай вобласці з 12:00 да 13:00, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

“У ходзе праверкі будуць уключацца электрасірэны, пройдзе перахоп УКХ-FM вяшчання на тэрыторыі вобласці. Просім грамадзян захоўваць спакой, ніякіх дзеянняў не патрабуецца”, — традыцыйна адзначыла ведамства на сваім сайце.

Гэта ўжо трэцяя ад пачатку года праверка ў рэгіёне, які мяжуе з Украінай і Польшчай. Папярэднія прайшлі 13 і 27 студзеня.

Сёлета таксама правяралася сістэма апавяшчэння ў Мінскай і Гомельскай абласцях — 14 і 22 студзеня адпаведна.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам інфармацыі на сайце і ў тэлеграм-канале МНС, у 2025 годзе сістэма апавяшчэння ў Брэсцкай вобласці правяралася не менш як 20 разоў, у Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Украінай і Расіяй, — 8, Мінскай — 4, Гродзенскай — 3 (адзін раз — у межах Лідскага раёна), Віцебскай — 2, Магілёўскай — 2 (адзін раз — толькі ў абласным цэнтры).

Летась 13 сакавіка планавая праверка сістэмы апавяшчэння прайшла па ўсёй Беларусі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі (у тым ліку ў Мінску), аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: