Мінск 02:56

Улады маюць намер займацца “брэндам беларускі”, калі ў краіне налічваецца звыш 170 жанчын-палітзняволеных

Ілюстрацыйнае фота: Rajesh Rajput / unsplash.com

9 лютага, Позірк. Фармаванне “брэнда беларускай жанчыны”, адкрыццё жаночага інтэрнэт-радыё і медыяпраекты ўключаныя ў зацверджаны Саветам міністраў план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2026 годзе Года беларускай жанчыны.

Прэс-служба ўрада адзначае, што мерапрыемствы будуць скіраваныя на “папулярызацыю ролі жанчыны і яе ўнёсак у развіццё грамадства”, а таксама на “дасягненне канкрэтных вынікаў па падтрымцы жанчын і сем’яў з дзецьмі”, “фармаванне грамадскага дыялогу па тэматыцы года”.

У план таксама ўключаная папулярызацыя значнага ўнёску беларускіх жанчын на міжнародных пляцоўках: форумы міжнароднага ўзроўню, узмацненне ролі жанчыны ў захаванні сям’і і міру.

Каардынатарам мерапрыемстваў вызначанае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У Беларусі на канец студзеня ў няволі знаходзіліся 1.158 палітвязняў, у тым ліку 172 жанчыны. Вядома сама меней пра 171 палітвязня ў асабліва ўразлівым становішчы. Былых палітвязняў — 3.272, сярод якіх 667 жанчын.

Жанчыны ў Беларусі становяцца ахвярамі хатняга гвалту. Паводле даных апытання, праведзенага ў 2023 годзе анлайн-лініяй для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры падтрымцы Chatham House (Каралеўскі інстытут міжнародных адносін, Вялікабрытанія), розныя віды гэтага гвалту зазнае 17,6% гараджанак, што маюць партнёра.

У верасні 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендарныя перспектывы”, якое займалася праблемамі хатняга гвалту і палавой дыскрымінацыі.

9 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне “Радзіслава”, што было створанае ў 2002 годзе ў Мінску для дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту. “Радзіслава” адміністравала кругласутачную гарачую лінію і ўтрымлівала на грамадскіх пачатках прытулак для ахвяр хатняга гвалту. З дня ліквідацыі шэлтар і кругласутачная гарачая лінія не працуюць.

У Беларусі няма закона пра супрацьдзеянне хатняму гвалту. Адпаведны дакумент распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “бздурай, узятай найперш з Захаду”.

Лукашэнка неаднаразова дапушчаў дыскрымінавальныя выказванні на адрас жанчын, маскуючы гэта пад клопат пра іх. У прыватнасці, ён заяўляў, што беларуская Канстытуцыя напісаная “не пад жанчыну” і што жанчына не можа быць вярхоўным галоўнакамандуючым.

ДзяржСМІ замацоўваюць у сваёй прапагандзе гендарную няроўнасць як сацыяльную норму.

Падзяліцца: