Мінск 02:50

Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі падрыхтоўку пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы

8 лютага, Позірк. Падрыхтоўку пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы абмеркавалі ў тэлефоннай размове 8 лютага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, паведаміла прэс-служба Крамля.

Мерапрыемства запланавана на 25 лютага.

“Закранаўся таксама шэраг актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня”, — адзначаецца ў рэлізе.

У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі абмеркаванне пасяджэння ВДС названа галоўнай тэмай тэлефоннай размовы. Бакі “таксама абмеркавалі ў размове шэраг актуальных пытанняў беларуска-расійскіх адносін з акцэнтам на рэалізацыю сумесных праектаў“, “закранулі <…> міжнародную тэматыку, развіццё абстаноўкі ў рэгіёне“.

Папярэдняе пасяджэнне ВДС прайшло 6 снежня 2024 года. Тады была зацверджаная агульная канцэпцыя бяспекі, заключаны міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі. Лукашэнка пасля пасяджэння заявіў, што папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі расейскія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці “Орешник“. Пуцін адзначыў, што гэты ракетны комплекс можна будзе размясціць на беларускай тэрыторыі ў другой палове 2025 года.

Мінск заяўляе, што “Орешник” знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Аб’яднанне BelPol сцвярджае адваротнае.

Падзяліцца: