Мінск 18:13

Ціханоўская: Няма агульнаеўрапейскага падыходу да таго, як вырашаць праблему беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

7 лютага, Позірк. На сёння ў Еўропе няма агульнага падыходу да таго, як вырашаць праблему беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, таму дэмакратычныя сілы працуюць па гэтай тэматыцы асобна з нацыянальнымі ўрадамі, заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская 7 лютага ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе.

“Пытанне пашпартоў — гэта балючае пытанне, бо не ў кожнай краіне ёсць нават механізм, як легалізаваць беларусаў без пашпарту, — канстатавала яна. — І гэта не тое што вялікая праблема, але гэта займае шмат часу, каб данесці нашу пазіцыю да кожнай краіны, бо зараз няма агульнаеўрапейскага падыходу”.

У першую чаргу, паводле слоў палітыка, дэмсілы працуюць з краінамі, дзе няма “пашпарта замежніка” (такія маюцца, напрыклад, у Польшчы, Літве). Яна звярнула ўвагу на тое, што “некаторыя нордзікі” — краіны Паўночнай Еўропы — “зараз таксама ўпершыню выдалі гэтыя дакументы” беларусам: “Вялікая праца за гэтым стаіць”.

“Але тут вельмі важна, каб і беларуская дыяспара была актыўная, каб дасылалі лісты, каб сустракаліся з мясцовымі ўладамі, з парламентарыямі, — падкрэсліла кіраўніца АПК. — Амаль у кожнай краіне ёсць [парламенцкая] група “За дэмакратычную Беларусь”, з якой можна працаваць, якая будзе прасоўваць інтарэсы беларусаў. То бок гэта шматбаковая праца. І таму калі вы проста сядзіце на попе роўна, нічога не адбудзецца”, — папярэдзіла дэмлідар, дадаўшы, што “недастаткова, каб прыехала Ціханоўская і абазначыла шэраг праблем”.

Паводле слоў палітыка, для паляпшэнняў у гэтым кірунку “важным аргументам” з’яўляецца таксама праца над “пашпартам новай Беларусі”.

“Калі ў вас (еўрапейскіх краін. — “Позірк”.) няма такога механізму [прызнання пратэрмінаваных пашпартоў ці выдачы “пашпарта замежніка”], у нас ужо ёсць гатовае рашэнне, — адзначыла яна. — Давайце палітычна прымем рашэнне, каб пашпарт новай Беларусі стаў такім ідэальным дадатковым дакументам, каб верыфікаваць чалавека і на падставе пашпарту новай Беларусі выдалі дакумент [на легалізацыю ў еўрапейскай краіне]”.

“Сітуацыя цяжкая. І ў постсавецкіх краінах, дзе таксама шмат беларусаў, там увогуле цяжка. Але ж пакуль неяк вырашаем, працуем з індывідуальнымі кейсамі. Вядома, задача, каб агульна прыняць нейкія дакументы, каб на ўсіх беларусаў распаўсюджвалася”, — падсумавала Ціханоўская.

Падзяліцца: