Мінск 18:17

Ціханоўская лічыць, што яе пераезд у Варшаву ўзмоцніць працу беларускіх дэмсіл

Варшава
Ілюстрацыйнае фота: Iwona Castiello d'Antonio / unsplash.com

7 лютага, Позірк. Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская разлічвае, што яе “прысутнасць у Варшаве будзе карыснай і для больш шчыльных кантактаў з польскімі ўладамі, і для беларускай дыяспары”. Палітык выказалася на гэты конт 7 лютага ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе (КР).

“Хачу падкрэсліць: гэтае пашырэнне не нашкодзіць ні нашай працы, ні планам, ані адносінам з партнёрамі — наадварот, яно іх узмоцніць”, — лічыць яна.

У кантэксце найбліжэйшай дзейнасці Ціханоўская адзначыла, што за апошнія дні ўжо сустрэлася ў Варшаве з шэрагам беларускіх арганізацый і ініцыятыў. “Мы абмеркавалі супольныя праекты і мерапрыемствы, і ўжо маем план на паўгоду наперад. Сёлета я буду імкнуцца прысвячаць больш часу непасрэдна беларусам і беларускім ініцыятывам”, — паабяцала спікер.

У плане міжнароднай працы, паводле слоў Ціханоўскай, ідзе праца “над візітамі ў Кіеў, сустрэчамі з Кансультатыўнай групай Еўрапейскага саюза, Кантактнай групай Савета Еўропы”. “Таксама рыхтуем стратэгічныя кансультацыі з Вялікабрытаніяй у сакавіку. Паралельна рыхтуецца наступная сесія стратэгічнага дыялогу са Злучанымі Штатамі”, — анансавала дэмлідар.

Паводле яе слоў, “на травень запланаваная чарговая Канферэнцыя беларусаў свету, а таксама асобны кангрэс, прысвечаны палітвязням”.

“Разам з нямецкай арганізацыяй Libereco і парламентарыямі з розных краін мы рыхтуем форум “хросных” палітвязняў, а таксама сустрэчу міжпарламенцкага альянсу ў Лондане, — сказала палітык. — Са Швецыяй плануем асобную канферэнцыю, прысвечаную моладзі”.

“І, вядома, мы працягваем працу па вызваленні людзей. Мы застаемся ў пастаяннай камунікацыі з амерыканскай адміністрацыяй, рыхтуемся прымаць новыя групы вызваленых. Але наша галоўная мэта — каб кожны чалавек меў выбар: з’ехаць або застацца, і каб рэпрэсіі былі спыненыя”, — падкрэсліла кіраўніца АПК.

“Адной з ключавых падзей” 2026 года Ціханоўская назвала выбары ў КР. Яна прызналася, што не чакае “высокай яўкі на фоне рэпрэсій”, але гэтыя выбары, упэўненая дэмлідар, “дазволяць замерыць настроі ў дэмакратычнай супольнасці і забяспечыць шырокае прадстаўніцтва розных груп і ініцыятыў”.

“Я добра разумею, што ні рада, ані кабінет не вырашаць усіх праблем беларусаў. Але гэта сапраўды ўнікальная палітычная пляцоўка, якая дае нам, беларусам, рэпрэзентатыўнасць і голас ва ўмовах, калі дзяржава не прадстаўляе грамадства”, — падкрэсліла кіраўніца АПК.

Пра тое, што Ціханоўская на гэтым тыдні распачала працу ў Варшаве, дзе хутка адкрыецца яе офіс, напярэдадні паведаміў тэлеграм-канал палітыка.

Падзяліцца: