Мінск 17:14

Распачатая спецвытворчасць у дачыненні да яшчэ двух грамадзян Беларусі — Зубрыка і Прыгодзіча

Ілюстрацыйнае фота на старонцы СК у сацсетцы "Укантакце"

5 лютага, Позірк. У дачыненні да 28-гадовага Аляксандра Зубрыка 4 лютага распачатая спецыяльная вытворчасць, вынікае з абноўленага пераліку на сайце Следчага камітэта.

Мужчыну інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 368, арт. 369 і арт. 370 Крымінальнага кодэкса.

Зубрыку прапанавана прыйсці ў Лідскае раённае ўпраўленне СК (Гродзенская вобласць).

Са спісу таксама вынікае, што ў той жа дзень спецвытворчасць распачатая ў дачыненні да 31-гадовага Станіслава Прыгодзіча, якому ставяцца ў віну дзеянні, кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 3611, ч. 1 арт. 368, арт. 369 і арт. 3691 КК. Мужчыну чакаюць у Гомельскім абласным упраўленні ведамства.

Працэдура спецвытворчасці ў Беларусі прымянялася ў дачыненні да мінімум 169 чалавек (на падставе спісу СК на 5 лютага).

Спецыяльная вытворчасць — гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс.

Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачання, правядзення судоў і канфіскацыі на падставе іх рашэння ўласнасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта, у тым ліку таго, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
  • арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 370 — знявага дзяржаўных сімвалаў.
Падзяліцца: