Мінск 18:14

Тавараабарот Беларусі і Казахстана перавысіў 1 млрд долараў — Лукашэнка

Ілюстрацыя: AbsolutVision / pixabay.com

5 лютага, Позірк. Тавараабарот Беларусі і Казахстана перавысіў 1 млрд долараў, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 5 лютага на сустрэчы з старшынёй Мажыліса (ніжняй палаты) казахстанскага парламента Ерланам Кашанавым, які прыбыў у Беларусь.

“Як я заўсёды кажу, асновай з’яўляецца гандаль, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — І трэба сказаць, што я некалі марыў, што мы з Казахстанам падыдзем блізка да аднаго мільярда долараў тавараабароту. Сёння мы ўжо маем, паводле падлікаў, мільярд і больш. Але ёсць куды імкнуцца”.

“Мы гатовыя пастаўляць вам не толькі тавары. Яны вядомыя. Мы ведаем, у якіх таварах мае патрэбу Казахстан. Але калі на працяглую перспектыву, то мы гатовыя адкрываць у вас сумесныя вытворчасці з казахстанцамі, разам працаваць і рухацца ў гэтым кірунку”, — дадаў ён.

Кажучы пра рэгіён Цэнтральнай Азіі, Лукашэнка адзначыў: “Мы ведаем, погляды каго скіраваныя ў гэтую частку нашай планеты. Але як чалавек дасведчаны я заўсёды кажу і раю сваім калегам, мы разумеем, што сяброў на баку знайсці сёння вельмі складана”. Верагодна, спікер меў на ўвазе актывізацыю супрацы краін Захаду з Казахстанам.

“Нават калі Казахстан або Беларусь іх знойдуць, не трэба губляць старых сяброў. Таму, грунтуючыся на гэтай філасофіі, мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць па любым кірунку і ў любых формах”, — падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама заявіў пра супадзенне “падыходаў і поглядаў” дзвюх краін па міжнародным парадку дня, падзякаваўшы Казахстану за падтрымку, аказаную па пытанні ўступлення Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва.

На сайце амбасады Беларусі ў Астане адзначаецца, што паводле аб’ёму беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Мінска і з’яўляецца другім сярод краін СНД. Даных паводле аб’ёмаў двухбаковага гандлю загранустанова не прыводзіць.

Як заяўляў летась у лістападзе амбасадар у Казахстане Аляксей Багданаў, улады Беларусі імкнуцца да таго, каб “у найбліжэйшыя два гады дасягнуць узроўню 1,5 мільярда долараў”. “А ў перспектыве недзе да 2030 года, магчыма, выйдзем і на 2 мільярды долараў”, — казаў дыпламат.

Падзяліцца: