Мінск 20:35

“Вясна”: З 2020 года 9,4 тыс. чалавек падвергнулася ў Беларусі палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу

Фота: pixabay.com

4 лютага, Позірк. З траўня 2020 года палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу падвергнуліся ў Беларусі 9.363 чалавекі, гаворыцца ў свежым дакладзе праваабарончага цэнтра “Вясна”.

У дачыненні да мінімум 8.090 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прысуды (уключаючы завочныя).

Гэтыя паказчыкі растуць кожны месяц, адзначаюць праваабаронцы.

У прыватнасці, за студзень праваабаронцы прызналі 51 чалавека палітвязнем і запатрабавалі рэабілітацыі 50 былых палітвязняў. Усяго, на канец месяца ў Беларусі ў няволі знаходзілася 1.158 палітвязняў, сярод іх 172 жанчыны. Вядома пра мінімум 171 палітвязня ў асабліва ўразлівым становішчы. Колькасць былых палітвязняў склала 3.272 чалавек, у тым ліку 667 жанчын.

“Працягваліся затрыманні і судовыя працэсы па “справе Гаюна”. Вядома пра 175 фігурантаў, узятых пад варту і пазбаўленых волі. Паведамлялася, што затрыманым ўлады прапануюць зрабіць добраахвотныя ахвяраванні ў адрас дзяржаўных устаноў узамен на спыненне крымінальнай справы. Гэтая практыка раней выкарыстоўвалася ў дачыненні да тых, хто рабіў ахвяраванні для пратэстных ініцыятыў: агульная сума такіх “ахвяраванняў”, як заяўляў кіраўнік Следчага камітэта, ужо да пачатку 2024-га перавысіла 37 млн рублёў. Таксама працягваліся завочныя суды над добраахвотнікамі палка Каліноўскага паводле абвінавачванняў у тэрарызме, распальванні варожасці і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў дакладзе.

Палітвязні, паводле звестак “Вясны”, працягвалі сутыкацца з абмежаваннем правоў, ціскам, негуманнымі ўмовамі і адсутнасцю якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі.

Зафіксаваныя 82 новыя рашэнні аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, адзначаюць праваабаронцы.

Падзяліцца: