Мінск 18:37

73-гадовая жанчына загінула ў ДТЗ у Брэсце, віноўнік аварыі спрабаваў уцячы і быў затрыманы

4 лютага, Позірк. Аб смяротным дарожным-транспартным здарэнні паведамляе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Аварыя здарылася 4 лютага ў Брэсце. Адзначаецца, што каля 13:05 23-гадовы кіроўца аўтамабіля “ГАЗ” каля дома №16 па вуліцы К.Маркса рухаўся заднім ходам, “не пераканаўся ў бяспецы выкананага манеўру і здзейсніў наезд на 73-гадовую жанчыну-пешахода”.

“Кіроўца з месца здарэння ўцёк. Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пацярпелая памерла на месцы здарэння, нягледзячы на “зробленыя медыкамі намаганні”.

Следствам будзе дадзеная прававая ацэнка ДТЗ.

Падзяліцца: