Мінск 05:33

Ціханоўскі заклікаў ЗША мудра выкарыстоўваць існуючы рычаг ціску на Лукашэнку

Сяргей Ціханоўскі на слуханнях Камісіі па правах чалавека Тома Лантаса ў Кангрэсе ЗША
Трансляцыя: Tom Lantos Human Rights Commission / стоп-кадр: "Позірк"

4 лютага, Позірк. Цяпер існуюць “толькі тры рэальныя шляхі” вызвалення палітвязняў, якія застаюцца ў закладніках Аляксандра Лукашэнкі: “замежная вайсковая інтэрвенцыя, вываз іх за мяжу ў абмен на што-небудзь або прымусовая дыпламатыя, якую праводзіць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп“. Такое меркаванне выказаў Сяргей Ціханоўскі 3 лютага на слуханнях па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Камісіі па правах чалавека Тома Лантаса ў Кангрэсе ЗША. Былы беларускі палітвязень выступіў у якасці аднаго са сведак.

Пры гэтым ён паведаміў, што падтрымлівае трэці варыянт.

Паводле слоў Ціханоўскага, Трамп патрэбны Лукашэнку нашмат больш, чым Лукашэнка патрэбны Трампу, што дае амерыканскай адміністрацыі “велізарны рычаг ціску“ на беларускага дыктатара, які экс-палітвязень заклікаў выкарыстоўваць мудра.

Як заявіў Ціханоўскі, Лукашэнка гандлюе з Вашынгтогам не толькі закладнікамі, але і актыўна спрабуе прыцягнуць амерыканскі бізнес да беларускіх нацыянальных авіяліній, у калійную галіну і атамную энергетыку. Ён таксама звярнуў увагу на актыўныя спробы Лукашэнкі адыграць ролю пасярэдніка ў стасунках паміж ЗША і Расіяй.

З улікам усіх згаданых фактараў, на думку прамоўцы, пры наяўнасці палітычнай волі Вашынгтона можна не толькі дамагчыся ад Лукашэнкі вызвалення ўсіх закладнікаў рэжыму, але і настаяць на спыненні палітычных рэпрэсій.

Ён таксама адзначыў, што мае “дадатковыя рэкамендацыі“, якія хацеў бы абмеркаваць “у прыватным парадку, непублічна”.

“Я прашу вас аб адной рэчы: калі ласка, не спыняйцеся. Вы ўжо выратавалі лекараў, палітыкаў, блогераў і нават лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру (Алеся Бяляцкага. — Позірк.), але больш за 1.100 чалавек застаюцца ў зняволенні”, — звярнуўся Ціханоўскі да прадстаўнікоў ЗША.

Сведка таксама распавёў пра ўмовы свайго ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, асобна падзякаваўшы амерыканскаму боку за вызваленне.

Ціханоўскі адзначыў, што ў зняволенні ў Беларусі знаходзяцца людзі, якіх, як ён выказаўся, Лукашэнка хавае ад амерыканскага боку і “не пагодзіцца вызваліць пры любых абставінах“. Да іх ён аднёс былых суддзяў, следчых, афіцэраў службаў бяспекі, юрыстаў і чыноўнікаў, якіх Лукашэнка лічыць здраднікамі. Паводле слоў экс-палітвязня, такія людзі ўтрымліваюцца ў найбольш цяжкіх умовах і “падвяргаюцца самым брутальным катаванням“.

Пры гэтым Ціханоўскі назваў імя аднаго з іх — былога афіцэра спецслужбаў Уладзіміра Кнігу, якога варта “выратаваць як мага хутчэй, калі ён яшчэ жывы“.

Вядучы слуханняў, член Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад Рэспубліканскай партыі Крыстафер Сміт, адкрываючы мерапрыемства, у ліку іншага заявіў, што ўлады ЗША (адрозна ад іх прэзідэнта Дональда Трампа. — “Позірк”.) не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі (адрозна Дональда Трампа).

Будучы ініцыятарам і асноўным аўтарам чатырох рэдакцый Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, Сміт выказаў упэўненасць, што Кангрэс прыме і распрацаваную ім пятую рэдакцыю дакумента, які быў упершыню прыняты ў 2004 годзе і абнаўляўся ў 2006, 2011 і 2020 гадах.

Камісія па правах чалавека Тома Лантаса (Tom Lantos Human Rights Commission) — двухпартыйная камісія па правах чалавека пры Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

Яна сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў розных краінах, праводзіць адпаведныя слуханні і брыфінгі, дае рэкамендацыі амерыканскім заканадаўцам і ўрадавым структурам.

Акрамя Сяргея Ціханоўскага ў якасці сведак на слуханнях 3 лютага выступілі дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі, кіраўнік літоўскага офіса праваабарончай арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс і міжнародны юрыст па правах чалавека з ЗША Язмін Д. Кэмеран.

Падзяліцца: