Мінск 23:33

Студзень 2025 года ў Беларусі стаў найцяплейшым у гісторыі, студзень 2026-га — найхаладнейшым за апошнія 16 гадоў

Ілюстрацыя: pixabay.com

3 лютага, Позірк. Мінулы студзень стаў найбольш халодным за апошнія 16 гадоў, вынікае са звестак Белгідрамета.

Сярэдняя тэмпература склала 10,3 градуса марозу, што на 6,2 градуса ніжэй за норму (-4,1).

Халадней было ў студзені 2010 года — мінус 11,5 градуса, або на 4,8 градуса ніжэй за норму, якая складала тады -6,7 градуса.

Найбольш халоднай у мінулым месяцы была другая дэкада — на 12 градусаў ніжэй за норму. Найбольш нізкая тэмпература была зафіксаваная ноччу 14 студзеня на метэастанцыі Вялікі Межнік (Шклоўскі раён) — 29,7 градуса марозу.

Ападкаў выпала 49 мм, або на 20% больш за норму. Яны размеркаваліся нераўнамерна: у першай дэкадзе — у 2,5 разы больш за норму, у другой — у 6,3 раза менш (16%), у трэцяй — 89% нормы.

Максімальная таўшчыня лёду на рэках да канца месяца дасягнула 31 см, на вадаёмах — 52 см.

Студзень 2025 года быў самым цёплым за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў на тэрыторыі краіны: сярэдняя тэмпература перавысіла норму на 5,3 градуса і склала +1,2 градуса (максімум быў адзначаны ў Пінску 27 студзеня — 12,8 градуса вышэй за нуль). Такім чынам цяперашні студзень быў халаднейшы за леташні ў сярэднім на 11,5 градуса.

Падзяліцца: