Мінск 15:44

Ініцыятыва “Будзьма беларусамі” рашэннем МУС прызнаная “экстрэмісцкім фарміраваннем”

Ілюстрацыя на старонцы ініцыятывы ў "Фэйсбуку"

3 лютага, Позірк. Міністэрства ўнутраных справаў 29 студзеня прызнала ініцыятыву “Будзьма беларусамі” “экстрэмісцкім фармаваннем”. Адпаведныя змены ўнесены ў спіс на сайце МУС 3 лютага.

Паводле версіі ведамства, да дзейнасці арганізацыі маюць дачыненне Алена Макоўская (1970 г.н.) і Ніна Шыдлоўская (1974 г.н.).

У спісе на сайце МУС фігуруюць сайт budzma.org, усе старонкі ініцыятывы ў сацыяльных сетках, акаўнт у плацежнай сістэме PayPal, адрас электроннай пошты і лагатып.

Кантэнт сайта і старонак гэтага праекта ў сацсетках быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” ў 2023 годзе. Напрыканцы кастрычніка 2025-га ў гэты спіс была дададзена старонка “Будзьма Беларусамі! Budzma Belarusami!” у “Аднакласніках”.

1 красавіка 2025 года праект паведаміў пра крытычнае фінансавае становішча і звярнуўся з гэтай нагоды за падтрымкай да чытачоў.

“Будзьма беларусамі” ўзнікла ў 2008 годзе як культурна-асветніцкая кампанія з ініцыятывы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” (ліквідаваная ў Беларусі на падставе рашэння ўладаў у 2021 годзе, працягвае працаваць за мяжой). Публікуе артыкулы пра культуру, літаратуру, геаграфію, славутасці Беларусі.

У спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, які вядуць МУС і КДБ, цяпер 331 арганізацыя.

Падзяліцца: