Мінск 15:48

У Беларусі назіраецца істотны рост колькасці траўмаў у параўнанні з мінулай зімой

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

2 лютага, Позірк. За 68 дзён, з 26 лістапада 2025 года па 1 лютага 2026-га, у Беларусі ад галалёдных і халадовых траўмаў пацярпела 11.159 чалавек — у 1,5 раза больш, чым за супастаўны леташні перыяд — 7.407 (84 дні — з 18 лістапада 2024 года па 9 лютага 2025-га), паказаў праведзены Позіркам аналіз даных Міністэрства аховы здароўя.

У пераліку на дні розніца атрымліваецца яшчэ больш істотнай: 164 чалавекі на суткі гэтай зімой супраць 88 годам раней (рост прыкладна ў 1,9 раза).

Пры гэтым 287 дарослых і 588 дзяцей атрымалі сёлета траўмы пры катанні на цюбінгах, ледзянках, санках і г.д.

Больш за ўсіх пацярпелых у гэтым сезоне пакуль зарэгістравана ў Гомельскай вобласці — 2.278. З іх халадовыя траўмы атрымалі 163 чалавекі, галалёдныя — 2.155; шпіталізавана — 276.

Далей ідуць Магілёўская (2.122, 138, 1.984, 353), Мінская (1.708, 177, 1.531, 274), Брэсцкая (1.462, 152, 1.310, 254), Віцебская (1.336, 107, 1.229, 199) вобласці, горад Мінск (1.246, 27, 1.219, 118) і Гродзенская вобласць (1.007, 100, 907, 224).

У статыстыцы бачна, што найбольшая колькасць халадовых траўмаў (177) зарэгістраваная ў Мінскай вобласці, паводле астатніх паказчыкаў на першым месцы Гомельская вобласць.

Па Гродзенскай вобласці назіраюцца мінімальныя значэнні паводле ўсіх паказчыкаў, акрамя колькасці шпіталізацый, тут найменшае значэнне ў Мінска.

У сувязі з тым, што ў першыя дні лютага на большай частцы тэрыторыі краіны мінімальная тэмпература паветра складзе -25..-30°С, а 2 лютага — месцамі -31..-33°С, Міністэрства аховы здароўя раіць, “выходзячы на ​​вуліцу, апранацца шматслойна”.

Падзяліцца: