Мінск 22:18

Мікалай Казлоў прапанаваны на пасаду прадстаўніка АПК па аднаўленні правапарадку

Мікалай Казлоў у Брусэлі (кастрычнік 2025 года)
Архіўнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

31 студзеня, Позірк. Былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), колішні супрацоўнік МУС, экс-палітвязень Мікалай Казлоў прапанаваны на пасаду прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па аднаўленні правапарадку.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, кіраўніца палітычнай структуры Святлана Ціханоўская прадставіла яго кандыдатуру Каардынацыйнай радзе (КР) і прапанавала правесці з гэтай нагоды слуханні.

“Лічу, што яго багаты прафесійны досвед у галіне правааховы і ў грамадска-палітычнай дзейнасці, аўтарытэт сярод профільных арганізацый, а таксама асабістыя якасці дазволяць яму эфектыўна выконваць абавязкі на гэтай пасадзе”, — адзначыла палітык у суправаджальным лісце, вытрымкі з якога прыводзіць АПК.

Паведамляецца, што зараз Казлоў бярэ ўдзел “у распрацоўцы новых законапраектаў, якія тычацца рэформы праваахоўнай сістэмы і сілавых структур”. Ён, як адзначана, мае “вялікі прафесійны і палітычны досвед” — “17 гадоў працаваў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Мінска, раскрыў сотні крымінальных спраў, меў спецыяльнае званне падпалкоўніка міліцыі”. 

“У 2009 годзе Мікалай Казлоў звольніўся з крымінальнага вышуку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыяў падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі, сведкам якіх стаў асабіста, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля гэтага займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, за што неаднаразова рэжым фабрыкаваў супраць яго палітычнаматываныя адміністратыўныя і крымінальныя справы. За сваю грамадзянскую і палітычную пазіцыю ў 2021 годзе быў пазбаўлены звання, затым асуджаны на тры месяцы арышту. У 2022 годзе быў асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волі, прызнаны палітвязнем, цалкам адбыў пакаранне”. 

“Падчас зняволення зазнаў ціск і пераслед з боку адміністрацыі магілёўскай папраўчай калоніі № 15, неаднаразова змяшчаўся ў карцар і ПКТ, сутыкнуўся з праблемамі са здароўем, яму не дазволілі наведаць пахаванне маці. Пасля заканчэння тэрміну пакарання пэўны час заставаўся ў краіне, аднак праз пагрозу новай крымінальнай справы выехаў за межы Беларусі”, — нагадаў АПК.

Палітычная структура адзначыла, што Казлоў уступіў у АГП у 2012 годзе, з ліпеня 2016-га быў намеснікам старшыні, у 2018-м стаў старшынёй.

Мікалай Казлоў нарадзіўся 5 студзеня 1967 года ў Валожыне, вырас у Нясвіжы (усё ў Мінскай вобласці). Паводле звестак АПК, скончыў Новасібірскую вышэйшую агульнавайсковую вучэльню, “служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікту”. Вярнуўся ў Беларусь пасля распаду СССР.

Першым прадстаўніком АПК па аднаўленні правапарадку быў кіраўнік аб’яднання ByPol Аляксандр Азараў. У жніўні 2023 года КР абвясціла яму вотум недаверу, Ціханоўская вызваліла яго ад пасады. З тае пары гэтая пазіцыя ў кабінеце вакантная.

Падзяліцца: