Мінск 21:01

Юным і дарослым тхэквандыстам з Беларусі і РФ дазволена выступаць пад сцягамі сваіх краін

Ілюстрацыйнае фота: Sam Moghadam / unsplash.com

31 студзеня, Позірк. Юным і дарослым спартсменам з Беларусі і Расіі дазволена выступаць пад флагамі сваіх краін на спаборніцтвах пад эгідай Сусветнай федэрацыі тхэквандо (СФТ). Такое рашэнне савет ВФТ прыняў на пасяджэнні 31 студзеня ў Фуджэйры (OAЭ).

Здымаючы раней дзейнае абмежаванне з беларускіх і расійскіх тхэквандыстаў, кіраўніцтва СФТ, як адзначыла прэс-служба федэрацыі, абапіралася на рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), які дазволіў спартсменам з гэтых краін выступаць пад сваімі сцягамі на Юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Дакары (Сенегал) у 2026 годзе.

Пры гэтым іншыя абмежаванні застаюцца без зменаў: “Міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы не могуць праводзіцца на тэрыторыі РФ, а дзяржаўным службовым асобам з РФ і Беларусі не будзе выдавацца акрэдытацыя”.

11 снежня 2025 года Алімпійскі саміт пастанавіў, што атлеты, асабліва юніёры, “не мусяць несці адказнасць за дзеянні сваіх урадаў”, бо “спорт з’яўляецца для іх крыніцай надзеі і спосабам паказаць, што ўсе спартсмены могуць датрымлівацца аднолькавых правілаў і шанаваць адзін аднаго”.

Саміт падтрымаў рэкамендацыю Выканаўчага камітэта МАК пра тое, што “юныя спартсмены з расійскім або беларускім пашпартам больш не муссяць зазнаваць абмежаванні ў доступе да міжнародных юнацкіх спаборніцтваў, як у індывідуальных, так і ў камандных відах спорту”.

Было адзначана, што “стандартныя пратаколы міжнародных федэрацый або арганізатараў спартыўных мерапрыемстваў адносна флагаў, гімнаў, форменнага адзення ды іншых элементаў маюць прымяняцца пры ўмове, што адпаведная нацыянальная спартыўная арганізацыя знаходзіцца ў статусе “ў парадку”.

“Названыя прынцыпы маюць прымяняцца да Юнацкіх Алімпійскіх гульняў у Дакары ў 2026 годзе і рэкамендуюцца да прыняцця ўсімі міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі спартыўных мерапрыемстваў для іх уласных юнацкіх спаборніцтваў”, — адзначала прэс-служба МАК.

У той жа час было пазначана, што “ўмовы ўдзелу, рэкамендаваныя МАК міжнародным федэрацыям і арганізатарам спартыўных мерапрыемстваў 28 сакавіка 2023 года, застаюцца ў сіле для спаборніцтваў сярод дарослых і будуць пераглядацца па меры неабходнасці”.

“Існыя санкцыі супраць урадаў Расіі і Беларусі маюць заставацца ў сіле. У прыватнасці, абмежаванні на акрэдытацыю або запрашэнне дзяржаўных чыноўнікаў з РФ і Беларусі на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы або сустрэчы маюць захоўвацца як для дарослых, так і для юнацкіх спаборніцтваў. Міжнародныя федэрацыі павінны і надалей устрымлівацца ад арганізацыі ці падтрымкі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў на тэрыторыі Расіі. Гэтая рэкамендацыя больш не прымяняецца да Беларусі”, — гаварылася ў паведамленні.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапушчаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі з-за яго пашпарта”.

28 сакавіка таго ж года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе.

Падзяліцца: