Мінск 21:37

Колькасць выпушчаных у Беларусі банкаўскіх карт перавысіла 20 млн

30 студзеня, Позірк. У Беларусі колькасць выпушчаных банкамі плацежных карт за мінулы год павялічылася на 3,9% (з 19.370.115 на 1 студзеня 2025 года да 20.133.113 на 1 студзеня 2026-га), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

За гэты час таксама павялічылася колькасць аб’ектаў праграмна-тэхнічнай інфраструктуры, якія абслугоўваюць трымальнікаў картак: арганізацый гандлю (сэрвісу) — на 14,3% (са 172.335 да 196.925), плацежных тэрміналаў у арганізацыях гандлю (сэрвісу) — на 20,5% (з 239.134 да 288.228), банкаматаў — на 0,2% (з 4.215 да 4.225). Пры гэтым пунктаў выдачы наяўных грошай стала менш на 12,9% (з 2.456 да 2.140), інфакіёскаў — на 14,5% (з 1.750 да 1.496).

Напрыканцы мінулага года аб’ём аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак зменшыўся на 0,1% (з 53 млрд 143 млн 425,7 тыс. рублёў за трэці квартал да 53 млрд 87 млн 187,9 тыс. за чацвёрты).

Сума знятай гатоўкі зменшылася на 4,2% (з 14 млрд 406 млн 685,5 тыс. да 13 млрд 794 млн 606,3 тыс. рублёў), колькасць аперацый па аплаце тавараў (работ, паслуг) і іншых безнаяўных аперацый вырасла на 1% (з 38 млрд 736 млн 740,3 тыс. да 39 млрд 292 млн 581,6 тыс.).

На 1 студзеня 2011 года ў абарачэнні знаходзілася 9 млн 245,7 тыс. банкаўскіх карт, на 1 студзеня 2016 года — 12 млн 345 тыс., на 1 студзеня 2021 года — 15 млн 486,6 тыс.

Банкі, якія працуюць у Беларусі, абавязаныя выпускаць у абарачэнне карткі на фізічных носьбітах толькі з чыпам стандарту EMV, вынікае з пастановы Нацбанка ад 4 лютага 2025 года № 28, якая пачала дзейнічаць 22 траўня.

У адпаведнасці з пастановай банкі павінны забяспечыць “магчымасць выкарыстання шматфактарнай аўтэнтыфікацыі трымальнікаў картак пры ажыццяўленні аперацый у інтэрнэце”.

“Прадугледжана, што для інфармавання кліента пра праведзеныя з выкарыстаннем карткі аперацыі банкі павінны будуць папярэдне атрымліваць згоду кліента на аказанне такой паслугі”, — адзначае Нацбанк.

EMV — стандарт для пластыкавых картак, сумесна распрацаваны плацежнымі сістэмамі Europay, Mastercard і Visa. Назва EMV складзена з першых літар назваў гэтых кампаній. Павышаны ўзровень бяспекі карт стандарту EMV абумоўлены наяўнасцю ўбудаванага чыпа, які можа запускаць прыкладанні і абменьвацца камандамі з касавымі тэрміналамі. Інфармацыя на чыпе абароненая, счытваць яе тэхнічна значна складаней, чым з магнітнай паласы.

Падзяліцца: